Улады Германіі занепакоеныя значным пагаршэннем сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі
Сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі з 2020 года значна пагоршылася, гаворыцца ў адказе ўрада ФРГ на запыт дэпутатаў Бундэстага ад фракцыі Левай партыі (Die Linke) на тэму нямецка-беларускага супрацоўніцтва да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

«Прадстаўнікі незалежных СМІ, а таксама выдавецкіх дамоў трапілі пад масіраваную хвалю рэпрэсій» — цытуюць дакумент naviny.online.
Акрамя таго, ураду вядома, што беларускія супрацоўнікі нямецкіх СМІ ў жніўні 2020 года затрымліваліся, нягледзячы на наяўнасць акрэдытацыі. «Сапраўдныя акрэдытацыі часткова ануляваліся, расійскія супрацоўнікі нямецкіх медыя дэпартаваліся з пяцігадовай забаронай на ўезд. У кастрычніку акрэдытацыі былі пазбаўленыя ўсе журналісты. Да цяперашняга часу новыя акрэдытацыі выдаваліся толькі асобным грамадзянам Германіі і краін ЕС. Беларускім супрацоўнікам нямецкіх медыя па-ранейшаму перашкаджаюць у атрыманні новай акрэдытацыі», — падкрэслівае ўрад ФРГ.
Паведамляецца таксама, што ў 2021 годзе для міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Нямецкая хваля» падзеі ў Беларусі і пашырэнне прапановы на беларускай мове будуць прыярытэтам дзякуючы павелічэнню бюджэтных датацый і фінансаванню праекта, які рэалізуецца знешнепалітычным ведамствам ФРГ. Плануецца адкрыццё ў Мінску карпункту «Нямецкай хвалі».
Як паведамлялася, у «індэксе свабоды прэсы», які складае міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», Беларусь за апошні год апусцілася са 153-га на 158-е месца (са 180).