«Усе мэты дасягнутыя». Расія адводзіць войскі ад межаў Украіны
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу прыняў рашэнне завяршыць праверачныя мерапрыемствы ў Паўднёвым і Заходнім ваенных акругах, паколькі ўсе пастаўленыя мэты дасягнутыя.
«Лічу, што мэты раптоўнай праверкі дасягнутыя цалкам. Войскі прадэманстравалі здольнасць забяспечыць надзейную абарону краіны. У сувязі з гэтым мною прынята рашэнне завяршыць праверачныя мерапрыемствы ў Паўднёвым і Заходнім ваенных акругах», — сказаў Шайгу ў чацвер у Крыме на нарадзе аб выніках дзеянняў войскаў ПВА і ПДВ падчас раптоўных праверак, піша TUT.BY са спасылкай на ТАСС.
Міністр паставіў задачу «Генеральнаму штабу, камандуючым войскамі ваенных акруг і паветрана-дэсантнымі войскамі спланаваць і прыступіць з 23 красавіка да вяртання войск у пункты пастаяннай дыслакацыі, правесці дэталёвы аналіз і падвесці вынікі раптоўнай праверкі войск».
Праверка Узброеных Сіл пачалася на фоне паведамленняў, што расійскія войскі сцягваюцца да мяжы з Украінай.