Навальны: Тыя, хто цягне Расію назад, — гістарычна асуджаныя. Нас усё роўна больш

«Два пачуцці бушуюць ува мне: гонар і надзея», — так пракаментаваў Аляксей Навальны акцыі ў яго падтрымку.

Фота ТАСС / Scanpix / LETA

Фота ТАСС / Scanpix / LETA

У інстаграме Аляксея Навальнага з'явіўся новы пост, у якім палітык пракаментаваў акцыі ў яго падтрымку, якія прайшлі напярэдадні ва ўсёй Расіі, паведамляе meduza.io.

«Адвакат, які прыехаў да мяне, распавёў мне трохі аб тым, што адбывалася ўчора і — шчыра скажу — два пачуцці бушуюць ува мне: гонар і надзея. Гонар за тое, што я частка вось гэтага вялікага і прыгожага. Я — адзін з вас, сумленных людзей, хто не маўчыць, гледзячы на несправядлівасць і беззаконне. А надзея — вельмі зразумела. Вось жа яно — выратаванне Расіі. Вы. Тыя, хто выйшаў. І тыя, хто не выйшаў, але падтрымаў. І нават тыя, хто не падтрымаў публічна, але спачувае»…

Аляксей Навальны заявіў, што зараз Расія «спаўзае ў змрок» і што «нейкі час будзе цяжка». «Але тыя, хто цягнуць Расію назад, — гістарычна асуджаныя. Нас усё роўна больш. Расія будзе шчаслівай», — дадаў палітык.

21 красавіка па ўсёй Расіі прайшла акцыя пратэсту «Свабоду Навальнаму». Паплечнікі палітыка заклікалі людзей выходзіць на вуліцы пасля таго, як лекары Навальнага абвясцілі пра пагаршэнне яго стану, а пракуратура запатрабавала прызнаць экстрэмісцкімі арганізацыі, звязаныя з палітыкам.

У сувязі з акцыямі 21 красавіка ў 99 гарадах Расіі былі затрыманыя больш за 1900 чалавек. Больш за ўсё людзей — 825 — затрымалі ў Пецярбургу.