МЗС РФ: цяжка ўявіць, каб «дзяржпераварот» у Беларусі арганізоўваўся без ведама спецслужб ЗША
Масква працягвае выкарыстоўваць заяву пра зрыў планаў па «замаху» на беларускага кіраўніка для антызаходняй прапаганды.
![Фота progulkipomoskve.ru Фота progulkipomoskve.ru](/img/v1/images/zvezdy_moskovskogo_kremlya.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота progulkipomoskve.ru
22 красавіка афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла:
— Расследаванне вядзецца па лініі ФСБ Расіі, таму не ў нашай кампетэнцыі гаварыць пра падрабязнасці, тым больш апярэджваць гэтае расследаванне, рабіць высновы пра дачыненне да планаванага, па сутнасці, акта дзяржаўнага тэрарызму ўлад ЗША — гэта будзе прадметам расследавання, безумоўна. Хоць, вядома, цяжка сабе ўявіць, каб акцыі падобнага маштабу арганізоўваліся без ведама амерыканскіх спецслужб. Тым больш, мы ведаем, як фігурантаў гэтай справы кансультавалі ў заходніх сталіцах.
Напярэдадні, 21 красавіка, у пасланні Федэральнаму сходу Уладзімір Пуцін абурыўся, што Захад не асудзіў спробу «замаху» на Лукашэнку. Пры гэтым ён прагаварыўся: «А што было б, калі б спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі была рэальна зробленая?»
Паводле gazetaby.info