Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам заявіў пра гатоўнасць прыняць Зяленскага ў Маскве ў любы час

У гэтыя хвіліны ў сталіцы Расіі праходзіць сустрэча Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. Плануецца, што бакі абмяркуюць пытанні Саюзнай дзяржавы і ваеннага супрацоўніцтва. Між тым, на пачатку дыялога расійскі кіраўнік заявіў, што гатовы прыняць з візітам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

ffbb0e0_e3525b1_ea97a32_755777896219344.jpg

Уладзімір Пуцін заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім у любы час у Маскве для абмеркавання двухбаковых стасункаў, паведамляе «Інтэрфакс».

«Калі гаворка ідзе аб развіцці двухбаковых адносін, то калі ласка. Мы прымем прэзідэнта Украіны ў Маскве ў любы зручны для яго час», — сказаў Пуцін падчас расійска-беларускіх перамоў на вышэйшым узроўні, адказваючы на просьбу журналістаў пракаментаваць прапанову ўкраінскага прэзідэнта сустрэцца на тэрыторыі Данбаса.

«Вельмі шмат было крокаў, накіраваных на разбурэнне нашых адносін, пра што мы, безумоўна, можам толькі шкадаваць. Калі прэзідэнт Зяленскі хоча пачаць аднаўленне гэтых стасункаў, мы будзем гэта толькі вітаць», — дадаў прэзідэнт РФ.

Як сказаў Пуцін, калі Зяленскі хоча абмеркаваць праблемы Данбаса, то, у першую чаргу, павінен сустрэцца з кіраўнікамі ЛНР і ДНР, «а ўжо потым абмяркоўваць гэтыя праблемы з прадстаўнікамі трэціх краін, якой у гэтым выпадку з'яўляецца Расія».

У аўторак, 20 красавіка, Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца «ў любым пункце ўкраінскага Данбаса, дзе ідзе вайна».