Валерый Карбалевіч заўважыў «хатнюю нарыхтоўку» на пачатку перамоў Пуціна і Лукашэнкі
Сустрэча саюзнікаў ў Маскве яшчэ працягваецца, але вядомы беларускі палітолаг ужо дзеліцца цікавымі ўражаннямі.
— Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава, — адзначае Валерый Карбалевіч у калонцы для «Свабоды». — Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасці медыя кажуць банальныя рэчы пра жаданне развіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытанняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасля перамоў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды.
Зараз традыцыя была радыкальна парушаная. Расійскі журналіст
раптам, насуперак усім пратаколам, вырашыў задаць пытанне абодвум кіраўнікам.
І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал
«Россия» даў усё гэта ў эфір. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка.
Пытанні тычыліся дачыненняў з Украінай. Зразумела, гэта
быў спланаваны крамлёўскі сцэнар. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць
Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытанні расійска-ўкраінскіх дачыненняў.
І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы у Маскву па чарговыя даброты,
апынуўшыся перад тэлекамерамі, ён проста не меў выбару.
Ён падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся з лідарамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзідэнту Расіі на ўкраінскага кіраўніка
(«Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя
ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць «Мінскія
пагадненні». Тым самым падтрымаўшы Расію ў яе канфлікце з Украінай. Што і
патрабавалася.
Такім чынам, спачатку супольная аперацыя КДБ і ФСБ супраць
міфічных змоўшчыкаў спаліла масты у адносінах Беларусі з ЗША, а разам з гэтым
абрушыла і канструкт шматвектарнасці. А цяпер руйнуецца беларускі нейтралітэт
адносна расійска-ўкраінскага канфлікту. Ад былой пазіцыі Беларусі як
мадэратара, пасярэдніка ў гэтым супрацьстаянні застаецца ўсё менш. Усё гэта —
плата за расійскую падтрымку Лукашэнкі. І, гледзячы па ўсім, цана гэтай
падтрымкі ўзрастае.