З Днём саборнасці, непераадольныя!

Сёння ўкраінцы адзначаюць дзве раўназначных па значнасці падзеі сваёй гісторыі: абвяшчэнне незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі і Акт Уз'яднання ўкраінскіх зямель.

vesti.ua

vesti.ua

22 студзеня 1918 года на IV універсале Цэнтральнай радай было абвешчана, што Украіна стала незалежнай дзяржавай. Роўна праз год (22 студзеня 1919 года) быў падпісаны Акт уз'яднання Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР). Гэта значыць, гэтыя дзве часткі аб'ядноўваліся ў адну, каб стварыць адзіную дзяржаву. Назвалі яго проста «Акт Злуки».

Абвяшчэнне акту Уз'яднання ўкраінскіх зямель на Сафійскай плошчы ў Кіеве 22 студзеня 1919 года. Зняты са званіцы Сафійскага сабора, на гарызонце бачны яшчэ не разбураны бальшавікамі Міхайлаўскі Златаверхі сабор / фота: Украінскі інстытут нацыянальнай памяці

Абвяшчэнне акту Уз'яднання ўкраінскіх зямель на Сафійскай плошчы ў Кіеве 22 студзеня 1919 года. Зняты са званіцы Сафійскага сабора, на гарызонце бачны яшчэ не разбураны бальшавікамі Міхайлаўскі Златаверхі сабор / фота: Украінскі інстытут нацыянальнай памяці

Гэтая падзея аказала надзвычайны ўплыў на далейшую палітычную сітуацыю. Так, напярэдадні гадавіны 1990 года паміж Львовам і Кіевам быў створаны «Жывы ланцуг» з мільёнаў людзей, якія трымаліся за рукі. Гэтая акцыя стала пацвярджэннем адзінства і ўстойлівасці ўкраінскага народа. Яна лічыцца адной з найбуйнейшых у сусветнай гісторыі.

60f7c5fca77506579255b4dae4ca76df.jpeg


У 1999 годзе прэзідэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў загад аб стварэнні дзяржаўнага свята — Дня саборнасці Украіны — 22 студзеня.
Што такое саборнасць? Гэта духоўнае яднанне ўсіх тэрыторый, якія гістарычна належалі ўкраінскаму народу, адзінства і цэласнасць агульнай тэрыторыі Украіны, недатыкальнасць яе межаў. Таксама саборнасць азначае, што Украіна мае сваю адзіную нацыянальную дзяржаву, якую стварае сам народ як свабодную, суверэнную, дэмакратычную, прававую і сацыяльную.
Першае афіцыйнае святкаванне адбылося ў горадзе Хуст (Закарпацце) у 1939 годзе. У той час горад быў сталіцай Карпацкай Украіны (аўтаномнай адзінкі ў складзе Чэхаславакіі). Тады на цэнтральнай плошчы сабралася каля 30 тысяч чалавек, якія трымалі ў руках сіне-жоўтыя сцягі, адзначаючы 20-годдзе саборнасці.
У верасні 1939 года Савецкі Саюз і Трэці Рэйх напалі на Польшчу. У склад УССР адышлі землі Усходняй Галіцыі і Заходняй Валыні (пакт Молатава-Рыбентропа). Так адбылося частковае ўз'яднанне этнічных украінцаў, аднак барацьба за сапраўдную незалежнасць працягвалася.
30 чэрвеня 1941 года ў Львове АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў) пад кіраўніцтвам Сцяпана Бандэры абвясціла Акт аднаўлення Украінскай дзяржавы. Аднак з'яўленне новай дзяржавы на палітычнай карце свету не ўваходзіла ў планы Адольфа Гітлера, таму праз 10 дзён пасля абвяшчэння ўкраінскія нацыяналісты былі арыштаваныя, а дакумент — ліквідаваны.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны на ўкраінскіх землях была адноўлена савецкая ўлада. Камуністычная партыя спрабавала здушыць праявы самастойнасці ўкраінскага народа, таму пра падзеі 22 студзеня 1919 года забаранілі ўспамінаць.

Жывы ланцуг на Лычакоўскай вуліцы ў Львове, 21 студзеня 1990 года / Фота: territoryterror.org.ua

Жывы ланцуг на Лычакоўскай вуліцы ў Львове, 21 студзеня 1990 года / Фота: territoryterror.org.ua

Свята пачалі адзначаць кожны год. Хоць афіцыйна яно было створана ў 1999-м, але і да гэтага ў многіх гарадах Украіны людзі выходзілі на цэнтральныя плошчы і святкавалі. Традыцыя стварэння "жывых ланцугоў" пачала адраджацца з 2000 года. А з 2008-га такую акцыю штогод праводзілі ў Кіеве на мосце Патона.


Адзіная, таму што моцная. Моцная, таму што адзіная


З нагоды Дня саборнасці да ўкраінцаў звярнуўся прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.


У сваім віншаванні ён адзначыў, што гістарычная падзея акту ўз'яднання УНР і ЗУНР перадала наступным пакаленням украінцаў дзве мудрасці — калі не спыняць барацьбу, рана ці позна адзіная і незалежная дзяржава будзе адноўленая, калі не дасягнуць сапраўднага адзінства, Незалежнасць будзе згублена.

«Мы заўсёды ведалі аб першай мудрасці. А 24 лютага даказалі, што засвоілі другую. Гэта стала новым адраджэннем нашай саборнасці Украіны. І гэта не толькі аб'яднанне двух берагоў. Гэта адзінства мільёнаў людзей. Гэта адзінства ўсіх нашых зямель. Усіх нашых рэгіёнаў. Дзе ўсе — адзін за аднаго. Кожны рэгіён абараняе кожны рэгіён», — сказаў Зяленскі.

Напрыканцы Зяленскі дадаў: «Адзіная, таму што моцная. Моцная, таму што адзіная. З Днём саборнасці, дарагі народ! З Днём саборнасці, непераадольныя!».


«Крывавая нядзеля»

У 2014 годзе ў Дзень саборнасці Украіны падчас гвалтоўнага разгону мірнага пратэсту сілавікамі загінулі беларус Міхаіл Жызнеўскі і армянін Сяргей Нігаян.
Куля снайпера абарвала жыццё беларуса 22 студзеня 2014 года. Міхаіл Жызнеўскі не дажыў 4 дні да свайго 26-годдзя, ён стаў другой ахвярай, забітай на Еўрамайдане ў Кіеве. Пахаваны ён на радзіме, у вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне.
Смерць Міхаіла змяніла лёс усёй сям'і. Ад Гомеля да ўкраінскай мяжы кіламетраў 40. Пасля забойства Міхаіла сям'я Жызнеўскага ў родным горадзе ператварылася ў ізгояў. Іх абражалі на вуліцах і ў шпіталях, у кватэру некалькі разоў спрабавалі забрацца незнаёмыя людзі, побач з домам доўгі час дзяжурылі машыны спецслужбаў, а магілу Героя Украіны двойчы апаганьвалі вандалы.

Бацькі Міхаіла Жызнеўскага пайшлі з жыцця ў 2018 годзе. 


Экс-прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Міхаіла Жызнеўскага званнем «Герой Украіны» з фармулёўкай: «За асабістую мужнасць і гераічнае адстойванне прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека, самаадданае служэнне ўкраінскаму народу, выяўленыя падчас Рэвалюцыі годнасці».
У жніўні 2015 года заснавана міжнародная ўкраінска-беларуская прэмія памяці Міхаіла Жызнеўскага «Воін Святла». У 2021 годзе яе лаўрэатам стаў Павел Севярынец за кнігу «Беларусалім. Сэрца святла». 
Сёлета 26 студзеня, у дзень народзінаў Міхаіла Жызнеўскага, у Кіеве адбудзецца традыцыйная акцыя памяці яго і 33 беларусаў, вядомых нам, якія загінулі з 2014 па 2022, змагаючыся за Украіну.
Збор удзельнікаў у 17:00 на Міхайлаўскай плошчы, адкуль яны пройдуць маршам да мемарыялу Жызнеўскаму.
У выпадку паветранай трывогі ўсе ўдзельнікі будуць праведзены да бліжэйшага прасторнага бомбасховішча — станцыі метро «Майдан Незалежнасці».