З Крыму не выпускалі курсантаў, якія не захацелі навучацца пад расейскім сцягам (+відэа)
Украінскіх курсантаў Акадэміі імя Нахімава, якія вярталіся з Севастопаля на мацярык, не прапускалі на расійскім блокпасце пры выездзе з паўвострава амаль тры гадзіны, — перадае украінскі "5 канал".
Праводзіўся пільны агляд кожнага студэнта. Асабліва ўважліва аглядалі мабільныя тэлефоны і іншую тэхніку. Пра гэта па тэлефоне "5 каналу" паведаміў капітан другога рангу
Леанід Мацюхін, які знаходзіўся на месцы падзеяў.
Пасля дэталёвага агляду ўсіх асабістых рэчаў, у аднаго з афіцэраў, які суправаджаў студэнтаў, канфіскавалі ноўтбук. Прычыны не патлумачылі. Усяго ператрус доўжыўся 3 гадзіны. Падрабязнасці "5 каналу" па тэлефоне
распавёў капітан першага рангу Андрэй Рапапорт. Цяпер
вайскоўцы фармуюць калону і адпраўляюцца ў Адэсу.
Каля двухсот курсантаў з севастопальскай Акадэміі ваенна-марскіх сілаў сёння раніцай выехалі ў Адэсу, каб працягнуць навучанне ва Украіне. Эвакуацыяй будучых воінаў займаюцца валанцёры сумесна са штабам ВМС. З сабой на новае месца навучання студэнты захапілі ўкраінскі сцяг і сцяг ваенна-марскіх сіл, якія напярэдадні знялі з севастопальскага ВНУ. Яшчэ каля чатырохсот курсантаў-нахімаўцаў пагадзіліся працягваць навучанне пад расейскім сцягам і засталіся ў Севастопалі. Перад ад'ездам таварышаў у Адэсу студэнты разам зрабілі памятнае фота.
Курсанты акадэміі Нахімава сталі вядомымі пасля 20 сакавіка. Калі ўкраінскі сцяг на іх вучылішчы
замянялі на расейскі, група студэнтаў праспявала нацыянальны гімн Украіны і паказальна пакінула пляц перад ВНУ. Відэа з патрыятычнымі курсантамі тады стала адным з самых папулярных сярод
украінскіх інтэрнэт-карыстальнікаў.