ЗША. Белы дом не гаворыць па-іспанску
Вялікі рэзананс выклікала ў Іспаніі рашэнне Дональда Трампа прыбраць з вэб-старонкі кіраўніка адміністрацыі ЗША іспанамоўную версію.
Акцыя сапраўды дзіўная, хаця б таму, што іспанская мова — другая па папулярнасці мова ў Злучаных Штатах.
Аднак для Трампа той факт аказаўся не аргументам. Як заявіў прадстаўнік яго адміністрацыі, прэзідэнт сыходзіць з таго, што «ЗША — краіна, дзе размаўляюць па-англійску, а не па-іспанску».
Між тым, усе думаюць, што Трамп праз новы дызайн сайту проста жадае замацаваць свой імідж барацьбіта з нелегальнай міграцыяй з Мексікі.
Так ці інакш, уся іспанамоўная грамадскасць у свеце нежартоўна абурылася. Адпаведную заяву ўжо зрабіў Інстытут Сервантэса — дзяржаўная ўстанова Іспаніі і вядучы ў свеце інстытут па развіцці іспанскай мовы і распаўсюджванні іспанскай культуры. Адзін з іспанскіх палітыкаў-сацыялістаў паабяцаў у выпадку перамогі сваёй партыі прымусіць Трампа аднавіць іспанамоўную версію сайта Белага дома.
Цікава, што негатыўнае стаўленне Трампа супярэчыць настроям сярод рэспубліканцаў. У шэрагах партыі ёсць фракцыя, якая выступае за тое, каб надаць іспанскай мове статус дзяржаўнай у ЗША.
Паводле іспанскай прэсы