ЗША. Біблія супраць урагану
Апошнім часам у амерыканскі штат Фларыда рэгулярна прыходзяць ураганы, што выклікала цікавую рэакцыю.
У асяроддзі часткі мясцовых пратэстантаў узнікла ініцыятыва змагацца з прыроднымі катастрофамі з дапамогай малітвы.
Рух нарадзіўся два гады таму, калі ў Фларыду прыйшоў ураган Ірма. Тады вялікая група вернікаў выйшла на пляж і паспрабавала супакоіць ураган за кошт чытання фрагментаў Бібліі.
Ураган яны, натуральна, не спынілі, аднак дзіўным чынам шкода ад Ірмы ў гэтым муніцыпалітэце склала 45 мільёнаў долараў, калі ў суседніх — пад 80.
Гэта арыфметыка дапамагла руху набыць салідны маштаб. Інакш бы перад нядаўнім прыходам урагану Дорыян уладам не прыйшлося б заклікаць вернікаў не страляць па хмарах (чамусьці тыя вырашылі, што гэта спалохае ўраган, і той сыдзе з Фларыды).
Прэса не інфармуе, ці паслухаліся сектанты закліку. Затое яна згодная з тымі, хто адзначае, што мода на барацьбу з прыроднымі катастрофамі з дапамогай Бібліі будзе ўсё больш папулярнай.
Паводле амерыканскай прэсы