ЗША паабяцалі Зелянскаму новы пакет ваеннай дапамогі

Па словах дзяржсакратара Блінкена і міністра абароны ЗША Осціна, Кіеў атрымае 322 млн долараў на закуп узбраенняў. Міністры паведамілі, што амерыканскія дыпламаты будуць паступова вяртацца ва Украіну.

Энтані Блінкен і Лойд Осцін

Энтані Блінкен і Лойд Осцін

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік Пентагона Лойд Осцін паведамілі падчас візіту ў Кіеў, што амерыканскія дыпламаты будуць паступова вяртацца на працу ва Украіне і паабяцалі Кіеву новы пакет ваеннай дапамогі. Пачынаючы з гэтага тыдня амерыканскія дыпламаты будуць здзяйсняць аднадзённыя выезды ва Украіну, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамента журналістам, якія чакалі Блінкена і Осціна на польскім баку мяжы ў ноч на панядзелак, 25 красавіка.
З меркаванняў бяспекі візіт двух амерыканскіх міністраў у Кіеў, які адбыўся 24 красавіка, быў пацверджаны толькі пасля іх выезду з Украіны. Осцін і Блінкен зноў выказалі падтрымку Украіне, якая абараняецца ад расійскай агрэсіі, і паведамілі, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у бліжэйшыя дні прызначыць новым паслом у Кіеве дзейнага кіраўніка дыпламатычнай місіі ЗША у Славакіі Брыджэт Брынк. Пасада амбасадара ЗША ва Украіне вакантная з 2019 года.
Па словах прадстаўніка Дзярждэпа, амерыканскія дыпламаты "паступова рэактывуюць амерыканскую прысутнасць у Кіеве". На фоне расійскага ўзброенага ўварвання персанал пасольства ЗША ва Украіне быў эвакуяваны ў Польшчу і цяпер працуе з польскай тэрыторыі.

Новы пакет ваеннай дапамогі Кіеву

Блінкен і Осцін таксама паабяцалі Украіне і яе саюзнікам новы пакет ваеннага фінансавання на агульную суму 713 млн долараў. З гэтай сумы 322 млн долараў будуць выдзелены Кіеву, а астатняе — тым 15 краінам, якія пастаўлялі Украіне ўзбраенне, з тым, каб яны маглі папоўніць дэфіцыт ва ўласных арсеналах.
Агенцтва AP адзначае, што новы пакет дапамогі Украіне адрозніваецца ад папярэдніх: гэта не выдзяленне спісанай зброі з арсеналаў Пентагона, а наяўныя сродкі, якія могуць быць выкарыстаны для закупкі тых відаў узбраенняў, якія Украіна і яе саюзнікі лічаць неабходнымі.
Новы пакет дапамогі Кіеву таксама ўключае продаж Украіне на суму ў 165 млн долараў боепрыпасаў неамерыканскай вытворчасці, сумяшчальных з узбраеннямі, якія выкарыстоўваюцца ўкраінскім войскам. Агульная сума ваеннай дапамогі, выдзеленай ЗША Украіне з пачатку расійскага ўварвання 24 лютага, дасягнула ўжо 3, 7 млрд долараў.
dw.com