ЗША. Пентагон зачыняць?

У амерыканскіх дэбатах усё гучней чуваць галасы аматараў закрыць, а хутчэй перафарматаваць дзейнасць Мінабароны ЗША.

Фота TASS/DPA/Ron Sachs

Фота TASS/DPA/Ron Sachs

Прычым, пачаць прапануецца з таго, каб зачыніць славуты комплекс ведамства, які часта называюць Пентагон праз яго архітэктурную форму. Дарэчы, яго пабудавалі падчас Другой сусветнай вайны пад вялікі архіў. Аднак у выніку з-за пачатку халоднай вайны сюды перабраліся вайскоўцы.

Калі падчас супрацьстаяння з Масквой і Пекінам існаванне такога вялікага дэпартамента мела сэнс, то цяпер шмат каму наяўнасць гэтай структуры падаецца анахранізмам. Даўно кажуць, што для сучасных войнаў не трэба такой вялікай інфраструктуры, паколькі тэма знешняй экспансіі і кантролю тэрыторый не актуальная.

Вялікія дзяржавы навязваюць дыктат за кошт тэхналогій і эканомікі. Нарэшце, бюджэт Пентагона, які апошнім часам узняўся да часоў Другой сусветнай вайны, даўно выклікаў незадаволенасць грамадзян.

Вайсковае лобі неяк стрымлівала ўдар, пакуль у краіне не пачалася эпідэмія каронавіруса. Аказалася, што танкі і авіяносцы не могуць спыніць новай пагрозы.

У сувязі з гэтым заклікаюць закрыць Пентагон і стварыць на яго базе тры новыя ведамствы, якія будуць займацца, адпаведна, кліматам, кіберпагрозамі і біялогіяй. Увогуле, такія заклікі нагадваюць фантазіі, аднак іх публікуюць вельмі салідныя медыя.

Паводле амерыканскай прэсы