Беларусь развіталася з Віктарам Купрэйчыкам

Міжнародны грасмайстар адышоў у лепшы свет учора, 22 траўня. Шмат каго гэта навіна шакавала і засмуціла. Годны, шчыры і мужны чалавек, бліскучы шахматыст.

Фота Леаніда Дзейкі

Фота Леаніда Дзейкі


"Мы сябравалі. Ён адзін з самых даўніх маіх сяброў. Таму цяжка. Вельмі, — напісаў на сваёй старонцы ў фб Уладзімир Някляеў. — Апошнімі гадамі ён невылечна хварэў. Але памёр не праз хваробу. Праз выпадак. Спраўдзілася ягонае: «Мы паміраем выпадкова».

Ён любіў не толькі шахматы. Шмат што яшчэ. У тым ліку музыку, літаратуру. За грошы, выйграныя на адным з апошніх (ветэранскіх) турніраў, выдаў па-беларуску кнігу Івана Буніна. Калі спыталі, навошта яму гэта, адказаў: «Хачу, каб любілі Буніна па-беларуску».

Грошы, якія перакладчыкі бунінскай кнігі не ўзялі ў яго як ганарар, ён перадаў на помнік Рыгору Барадуліну.
Ён быў чалавекам гонару. Чалавекам сумлення. Калі Лукашэнка вырашыў стаць прэзідэнтам Беларускага алімпійскага камітэту, Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць. Падняўся на сходзе і сказаў, што ён супраць, бо алімпійская хартыя не дазваляе кіраўніку дзяржавы кіраваць алімпійскім камітэтам.

Здавалася б - гэта так проста. Але падняўся, сказаў і прагаласаваў супраць ён адзін.

Людзей з гэтакім пачуццём годнасці, якая дазваляе выстаяць аднаму супраць усіх, на свеце не так шмат. Яшчэ меней такіх сяброў. Але яны ў мяне былі і ёсць - і гэта калі не ўсё, што я займеў у жыцці, дык найгалоўнае ў ім. Найблізкае, найдарагое, за што дзякуй сябрам, дзякуй Віктару...

Свой бескампрамісны характар ён выяўляў і ў шахматах, і ў жыцці. Калі б не рызыкаваў так, як рызыкаваў, кар'ерна мог бы дамагчыся большага. Але не было б тады той імклівай прыгажосці, з якой ён жыў, гуляў, за якую яго любілі…

На развітанне — адзін з бунінскіх вершаў, які ён папрасіў мяне перакласці і амаль пры кожнай нашай сустрэчы чытаў:

Апоўначы ў названы час
На вокны наплывала поўня.
Яна ўжо спала. Белай коўдры
Свяціўся спушчаны атлас.

Яна ляжала на спіне,
І грудзі поўнямі бялелі.

І, як у возеры лілея,
Жыццё яе стаяла ў сне, —

і трэба было бачыць, як ён глядзеў у тое возера на тую лілею, у тое саснёнае жыццё…"

Сёння Беларусь развіталася з Віктарам Купрэйчыкам!

Шчырыя спачуванні родным і сваякам. Светлая памяць...

18620165_1385122291542320_8133208960456690896_n.jpg

Фота Леаніда Дзейкі