«Хачу ўбачыць паразу ворага і трыумф нацыянальнага духу»

Асабістыя перакананні Адамовіча не маглі не абумовіць яго палітычных амбіцый. Славамір, якія заўсёды сімпатызаваў БНФ, марыў, аднак, пра стварэнне больш радыкальнай арганізацыі. Першы крок на гэтым шляху быў зроблены 27 ліпеня 1994 года, калі...

Лідар групоўкі «Правы рэванш» Славамір Адамовіч. Крыніца: «Пагоня», кастрычнік 1994 года 

Лідар групоўкі «Правы рэванш» Славамір Адамовіч. Крыніца: «Пагоня», кастрычнік 1994 года 


Перадвыходная сталічная пятніца 26 красавіка 1996 года абяцала быць цёплай. Жыхары марылі пра хутчэйшае заканчэнне працы, каб прайсціся з сем’ямі і сябрамі па квітнеючым горадзе. Праўда, у свежым паветры ўжо пахла навальніцай: дзясяткі тысяч неабыякавых людзей вырашылі прыняць удзел у Чарнобыльскім шляху з нагоды дзесяцігоддзя страшэннай катастрофы і адначасова выказаць пратэст супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

У дзень Чарнобыльскага шляху адзін чалавек зрабіў запіс у сваім дзённіку: «Дзесяць гадоў з дня аварыі на ЧАЭС. Ясны цёплы дзень, якога я не бачу, толькі чую гукі з волі: ціўкае сініца, мяўкае кот, званы на Катэдральным саборы. Сёння там БНФ арганізуе шэсце. Як яно будзе? У двары паміж турмой i будынкам Міністэрства ўнутраных спраў салдаты ўнутраных войскаў i амапаўцы бразгаюць шчытамі, чуваць каманды. Відаць, грузяцца на машыны. Што там адбываецца? Ці выстаяць нашы людзі?»

Прыняць удзел у Чарнобыльскім шляху ён не мог, бо на той час з’яўляўся вязнем «амерыканкі». І каб даведацца, хто гэта такі і як аказаўся ў каменных абдымках адной з самых страшэнных беларускіх турмаў, неабходна зрабіць экскурс у мінулае.

 

Славамір Адамовіч у Віцебскім аблсудзе, снежань 1996 года. Малюнак зроблены знакамітым мастаком Алесем Пушкіным. Крыніца: «Турэмны дзённік».

Славамір Адамовіч у Віцебскім аблсудзе, снежань 1996 года. Малюнак зроблены знакамітым мастаком Алесем Пушкіным. Крыніца: «Турэмны дзённік».

«Трэба правейваць нашы галовы ад шамурыння каланіяльнай псіхалогіі…»

У 1990 годзе літаратурнае асяроддзе краіны пазнаёмілася з «Кальварыйскімі клёнамі». Гэты невялічкі дэбютны паэтычны зборнік з’явіўся на свет не ў шараговай друкарні, а ў выдавецтве ЦК КПБ Беларусі. Тагачаснае кіраўніцтва Беларускай ССР пачало падлашчвацца пад новыя павевы і мусіла даваць «зялёнае святло» новым талентам. Аўтарам значыўся студэнт БДУ, сябра таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя»Славамір Генрыхавіч Адамовіч, які нарадзіўся ў 1962 годзе ў далёкай Архангельскай вобласці. З біяграфічных звестак, змешчаных у брашуры, можна было даведацца, што Славамір скончыў школу ў Будславе, служыў на флоце, працаваў на чыгунцы, на мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, і нават на цаліне.

Прыналежнасць да «Тутэйшых» казала пра многае і, безумоўна, адлюстравалася на змесце вершаў. Гэта і пагарда да сталінізму і яго сексотаў («Песня пра чалавека ў цывільным»), гэта і крытыка саветчыны, якая літаральна прыдушыла Беларусь, і іншае. Карацей, Славамір адным з першых адлюстраваў мары пакалення «шасцідзясятнікаў» аб адраджэнні нацыянальнай культуры і мовы.

 

Якісьці паэт сказаў, што дзве мовы ў яго, і абедзве родныя.

Падумаў тады: няўжо, ты, паэце, дзвюх матак сасаў немаўляцем?

 

Альбо:

 

Цябе на афіцэра вучаць,

На перапынку размаўляў па-беларуску.

Задумаўся і на ўроку пачаў так.

Ды хутка апёкся — маёр не зразумеў:

«Перестантье разговаривать на местном наречии».

…Ты Каліноўскага ўспомніў.

 

Вялікае ўражанне на Адамовіча аказалі падзеі ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, калі ўлады ўчынілі абсалютна бессэнсоўны, жорсткі разгон мітынгу на Дзень памяці продкаў («Дзяды»). У 1992 годзе ў адным з нумароў «Настаўніцкай газеты» ў артыкуле «Шасцёра супраць чатырох» (гаворка ішла пра гульні пад дываном на філфаку БДУ наконт выкладання беларускай і рускай моваў, стварэння адпаведных кафедраў, выдзялення гадзін і іншага) паэт пад псеўданімам Генрых Чорны з задавальненнем успамінаў, як студэнты філфака выгналі сакратара Мінскага гаркаму партыі, які прыйшоў да іх, каб агітаваць супраць «Дзядоў».

Суддзя і засядацелі на працэсе над Адамовічам, снежань 1996 года. Аўтар — Алесь Пушкін. Крыніца: «Турэмны дзённік».

Суддзя і засядацелі на працэсе над Адамовічам, снежань 1996 года. Аўтар — Алесь Пушкін. Крыніца: «Турэмны дзённік».

Славамір Адамовіч быў не проста звязаны з «Настаўніцкай газетай», а стала працаваў у ёй на працягу 1991–1995 гадоў. З першых жа яго артыкулаў у вочы кідаецца пункт погляду, які радыкальна разыходзіўся з тады яшчэ савецкімі ўстаноўкамі. Узяць, напрыклад, «Рэмінісцэнцыі з нагоды», апублікаваныя ў «Настаўніцкай газеце» за 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска) 1991 года. Адамовіч ставіць пад сумнеў эфектыўнасць партызанскага руху ў Беларусі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі, лічыць, што фігура Марата Казея штучна створаная ўладамі, і што б калі ўсе «падшыванцы» былі, як Казей, дык беларусаў у тую вайну загінула б 100 адсоткаў.

Гэта не магло не выклікаць істэрыі ў «сапраўдных патрыётаў». А адзін з іх, гомельскі настаўнік Эдуард Драбкін (1934 года нараджэння) у свой час паскардзіўся ў Міністэрства інфармацыі і ў галоўны партыйны орган — «Советскую Белоруссию». Аднак у Драбкіна нічога не атрымалася. Калі Славамір быў ужо ў турме, Эдуард Барысавіч «с удовольствием» у лісце да следчых органаў вітаў арышт «профашиста и ублюдка» Адамовіча.

Дарэчы, Драбкін з’яўляецца адным з аўтараў выдання «Дети войны. Народная книга памяти». Ён успамінае, як яму ў дзяцінстве так спадабаўся герб СССР, што малюнак ён павесіў над ложкам. Праўда, такая любоў да савецкага сімвалу і камуністычных ідэалаў не перашкодзіла «ветерану педагогического труда» пасля скону Саюзу эміграваць у Ізраіль і ў 80 гадоў дасылаць у раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Цэнтральнага раёна Гомеля лісты з падзякамі.

Аднак вернемся да Адамовіча і «Настаўніцай газеты». На старонках гэтага выдання пачаў будавацца аўтарскі канцэптуальны канструкт-мірапогляд, у цэнтры якога Беларусь у атачэнні двух галоўных ворагаў: Расіі і Польшчы. Менавіта супраць іх уплыву Беларускі Край мусіў зрабіць адпаведныя захады.

Што да Расіі, то, на думку Адамовіча, дзейным сродкам было б развянчанне іміджу расійска-савецкіх «станоўчых герояў», які дзесяццігоддзямі ўбіваўся ў галовы школьнікаў і студэнтаў. Адным з першых крокаў, лічыў Славамір, была б карэнная рэарганізацыя Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава, накіраванне ягонай працы на карысць Беларусі. У адпаведным артыкуле «Дэканструкцыя культу» ў «Настаўніцкай газеце» ад 28 красавіка 1994 года Адамовіч даводзіў думку, што пад імем Аляксандра Васільевіча, які ніколі не ўдзельнічаў у вызваленчых войнах, у Беларусі дзейнічаюць антынацыянальныя сілы.

Адначасова Славамір настойваў на гераізацыі тых падзеяў, якія б праслаўлялі Беларуска-Літоўскае Княства, у прыватнасці, перамогу ВКЛ на Масковіяй у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 года. Вось што ён пісаў наконт прысягі, арганізаванай у Мінску Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці, у якой удзельнічалі дэпутаты апазіцыі БНФ: «Мы запомнім гэтую дату, каб у час перамогі нашага нацыянальнага руху спагнаць па вэксалях з тых, хто яшчэ спадзяецца, што Беларусь застанецца на каленях».

Ды ўвогуле супраць расійскай прапаганды Славамір раіў вось што: «Трэба чытаць беларускую перыёдыку, каб правейваць нашы галовы ад шамурыння каланіяльнай псіхалогіі». І далей: «Раскрыццё і вяртанне ў сучаснае жыццё кубатуры гістарычных фактаў, якія звязаныя з нашай Тэрыторыяй і Краем, а таксама паліталагічна-канцэптуальны аналіз сітуацый мінуўшчыны і сённяшняга дня даюць грунтоўныя падставы для распрацоўкі стратэгіі і тактыкі заваявання Беларусі беларускаю ж ідэяй».

У гэтым на адно з першых месцаў Славамір ставіў «Нашу ніву», адраджэнне якой пад кіраўніцтвам Сяргея Дубаўца пачалося ў маі 1991 года: «Наша ніва» — гэта журналісцкі прафесіяналізм, гэта ясная пазіцыя ў прасторы сучасных актуалій. Гэта элементарная якасць пісьма».

Славамір Адамовіч і шыкоўная ружа ў рэдакцыі газеты «Имя». Крыніца: «Имя», люты 1997 года.

Славамір Адамовіч і шыкоўная ружа ў рэдакцыі газеты «Имя». Крыніца: «Имя», люты 1997 года.


Адначасова Адамовіч перасцерагаў ад захаплення Тадэвушам Касцюшкам, бо ў выніку перамогі паўстання 1794 года на свет Божы з’явілася б новая Рэч Паспалітая, якая б паглынула Беларусь. Таму з сучаснай Польшчай трэба быць пільным, бо яна марыць пра вяртанне Заходняй Беларусі. Такая пазіцыя Адамовіча цалкам супадала з дзяржаўнай палітыкай таго часу. Вось што казаў шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі на закрытым пасяджэнні дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання 11 лістапада 1992 года:

«Анализ материалов позволяет говорить, что польская сторона проводит целенаправленную и массированную обработку населения западных регионов республики в духе полонизации, пытается переориентировать его гражданское самосознание. При этом преследуется цель — создание хорошо организованной, идейно сплочённой на религиозной и национальной почве польской диаспоры, способной стать эффективным проводником политики Польши и при необходимости средством давления на Беларусь в межгосударственных отношениях. Такая политика Польши в перспективе может угрожать суверенитету и территориальной целостности Беларуси».

Захады супраць польскага ўплыву Славамір бачыў ва ўмацаванні беларускай мовы ў заходніх рэгіёнах, пашырэнні сфераў яе выкарыстання. Гэта было адлюстравана ў артыкуле «Адны чакаюць, другія будуюць…», дзе ішла гаворка аб выкарыстанні беларускай мовы ў навучальным працэсе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. У гэтым жа артыкуле Адамовіч вызначыў тры групы людзей, датычных да нацыянальнага руху: першыя займаюцца адраджэннем пад ціскам абставінаў, таму яны хутчэй ворагі; другія працуюць шчыра, але не ведаюць, што і як рабіць, ім патрэбны лідар; трэція — сапраўдныя энтузіясты, «ілюмінаты» нацыянальнага духу, якія «захоўваюць статус-кво нацыянальнага жыцця».

Які фармат беларускай мовы бачыў сам Адамовіч? У артыкуле «А мы ўсё аддаем даніну…» Адамовіч пытае: ці трэба развіваць «наркамаўку», ці вярнуцца да «тарашкевіцы». І, рашуча выступаючы супраць «наркамаўкі», адказвае: «Я выбіраю трэці шлях. Тарашкевіца — не стод, перад якім я мушу лоб разбіваць. Усе лепшае — бяру, астатняе — удасканальваю. Пры распрацоўцы правапісу варта ведаць, як мова павінна гучаць на сцэне, што з ёй можа вытварыць паэт. Займаючыся лінгвістычна-рэфарматарскімі практыкаваннямі, мусім памятаць пра эстэтыку мовы, яе гігіену, калі хочаце».

Праз тэарэтычныя разважанні паэт не забываўся і на ўласную справу. У 1993 годзе выйшаў зборнік «Зямля Ханаан», у якім асабіста-лірычныя пачуцці творцы пераклікаюцца з патрыятычнымі.

«Правы рэванш»

Асабістыя перакананні Адамовіча не маглі не абумовіць яго палітычных амбіцый. Славамір, якія заўсёды сімпатызаваў БНФ, марыў, аднак, пра стварэнне больш радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі. Першы крок на гэтым шляху быў зроблены 27 ліпеня (дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі) 1994 года, калі беларускія нацыяналісты прайшліся з паходнямі па сталічным праспекце Францыска Скарыны.

У канцы кастрычніка 1994 года ў інтэрв’ю гродзенскаму недзяржаўнаму выданню «Пагоня» Адамовіч распавёў пра арганізацыю «Правы рэванш», якая будзе структуравана па прынцыпе пяцёрак — «актыўна-сілавых каманд». Яны павінны выконваць заданні Цэнтра, але маюць шырокія паўнамоцтвы на месцах. Адамовіч агучыў адну з ідэяў групы: барацьба з «гастралёрамі» з гарачых кропак, якія «прынялі Беларусь за Рыа-дэ-Жанэйра».

Групавое фота ўдзельнікаў «Правага рэваншу». Чорна-чырвона-чорны сцяг арганізацыі быў знойдзены ў жылым памяшканні Адамовіча ў сакавіку 1996 года і ўтылізаваны паводле рашэння спецыяльнай камісіі ў чэрвені таго ж года. Таксама была ўтылізаваная нарукаўная павязка паэта з «вышитым стилизованным изображением на черном фоне восьмиконечной звезды красного цвета, помещенной в восьмиугольник белого цвета». Крыніца: «Пагоня», кастрычнік 1994 года.

Групавое фота ўдзельнікаў «Правага рэваншу». Чорна-чырвона-чорны сцяг арганізацыі быў знойдзены ў жылым памяшканні Адамовіча ў сакавіку 1996 года і ўтылізаваны паводле рашэння спецыяльнай камісіі ў чэрвені таго ж года. Таксама была ўтылізаваная нарукаўная павязка паэта з «вышитым стилизованным изображением на черном фоне восьмиконечной звезды красного цвета, помещенной в восьмиугольник белого цвета». Крыніца: «Пагоня», кастрычнік 1994 года.

Афіцыйна аб стварэнні «Правага рэваншу» было абвешчана на першым з’езде нацыяналістаў у Віцебску 26–27 лістапада 1994 года. Гэтая акцыя, у якой узялі ўдзел больш за 60 чалавек (прысутнічалі прадстаўнікі незарэгістраванай Нацыянальнай партыі і зарэгістраванай Партыі аматараў піва, у прыватнасці, яе лідар Андрэй Рымашэўскі), была прымеркавана да дня нараджэння ўраджэнца рэгіёна і выбітнага айчыннага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

Аднак у першы дзень у мастацкую галерэю Алеся Пушкіна, дзе адбываўся з’езд, уварваліся мясцовыя міліцыянеры і заявілі, што ў будынку — бомба. На адмову ўдзельнікаў разысціся праваахоўнікі выкарысталі сілу і траўмавалі журналіста віцебскага выдання «Выбар».

Віцебскі інцыдэнт 26 лістапада 1994 года стаў непасрэднай рэпетыцыяй да падзей у Вярхоўным Савеце ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995-га, калі дэпутаты ад апазіцыі, якія абвясцілі галадоўку супраць рэферэндуму, былі збітыя сілавікамі.

Аднак з’езд прайшоў. Акрамя стварэння «Правага рэваншу», 27 лістапада была агучана рэзалюцыя аб абароне Айчыны, недапушчальнасці распаўсюджвання расійскага фашызму на Беларусі. У рэзалюцыях ва ўсіх бедах краіны абвінавачваўся чалавек, які «займае пасаду прэзідэнта». Пад старшынствам Адамовіча быў утвораны аргкамітэт, які павінен быў займацца падрыхтоўкай другога з’езду (на ім ставілася мэта аб’яднання беларускіх нацыяналістаў).

Але ж улады не адступілі — і 27 лістапада разагналі мітынг удзельнікаў з’езду каля помніка Караткевічу. Адамовіч атрымаў трое сутак адміністрацыйнага арышту.

У снежні 1994 года ў інтэрв’ю «Выбару» Адамовіч прайшоўся непасрэдна па кіраўніку дзяржавы: «Грамадзянін Лукашэнка ажыццяўляе палітыку нацыянальнай здрады, што пацвярджаецца яго антыканстытуцыйнымі заявамі і дзеяннямі. Ад Кебіча яго больш адрознівае цынізм і пагарда да свайго народа, скрайні папулізм і дэмагогія, а таксама элементарнае невуцтва. Тут трэба гаварыць пра феномен хама, які выпадкова трапіў на троннае месца. Але ж вядома, што апошняе заўсёды суседзіцца з лобным».

Славамір Адамовіч і ягоны адвакат Гары Паганяйла. Крыніца: «Пагоня», снежань 1996 года.

Славамір Адамовіч і ягоны адвакат Гары Паганяйла. Крыніца: «Пагоня», снежань 1996 года.


Адным з накірункаў дзейнасці «Правага рэваншу» сталі лісты тым, хто, на думку яго чальцоў, стаў на шлях здрады краіне. У лістах «рэваншысты» катэгарычна патрабавалі ад адрасатаў спыніць сваю дзейнасць. Такія лісты ў канцы 1994 года атрымалі, у прыватнасці, рэдакцыя «Новай народнай газеты» (заснавальнік — Наталля Машэрава) і Саюз палякаў Беларусі. Апошні даслаў Адамовічу запыт патлумачыць, што і да чаго.

6 лютага 1995 года на сходзе рэгіянальных каманд «Правага рэваншу» ў Мінску быў дадзены адказ, у якім палякі былі названыя «этнапалітычнымі праціўнікамі» беларусаў. Паведамлялася, што перад рэгіянальнымі камандамі пастаўлена задача ліквідаваць уплыў прапольскіх элементаў на беларускі электарат. Польшча таксама крытыкавалася за тое, што падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Армія Краёва знішчала беларусаў. У адказе папярэджваліся тыя, хто меў жаданне ажыццяўляць у Беларусі «брудныя гешэфты». У такім выпадку іх чакала «другая Чачня».

13 сакавіка 1995 года адбылася своеасаблівая піяр-кампанія «Правага рэваншу». У гэты дзень у Мінску прайшоў літаратурны вечар Славаміра Адамовіча, які даў інтэрв’ю сумнавядомаму рэжысёру Юрыю Азаронку і зачытаў яму верш «На дзень стварэння арганізацыі “Правы рэванш”» (з новага зборніка «Зваротныя правакацыі»), у якім была агучана ідэя прыходу да ўлады шляхам дзяржаўнага перавароту (без крыві і ахвяр). Гэты сюжэт Азаронак неўзабаве выкарыстаў у сваім фільме «Нянавісць: дзеці ілжы», які быў пашыты па лякалах сапраўднай таталітарнай прапаганды.

Славамір актыўна выступіў супраць «акупацыйнага рэферэндуму» 14 мая 1995 года (яго група неўзабаве пасля яго арганізавала мітынг каля будынка Адміністрацыі прэзідэнта з удзелам студэнтаў гістфаку БДУ), вёў грамадскую дзейнасць. У сталічным парку Горкага 21 чэрвеня 1995 года Адамовіч чытаў вершы, у тым ліку і «Развітальную для Сашкі».

Ціна Клыкоўская з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта фота знікла пасля пагрому рэдакцыі «Нашай нівы» 24 красавіка 1996 года. Крыніца: «Наша ніва», красавік 1996 года. 

Ціна Клыкоўская з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта фота знікла пасля пагрому рэдакцыі «Нашай нівы» 24 красавіка 1996 года. Крыніца: «Наша ніва», красавік 1996 года. 

Пакінуўшы «Настаўніцкую газету», Адамовіч пачаў пісаць для «Нашай нівы». Вялікі рэзананс набыла публікацыя «Звычайны фашызм–2» у пачатку красавіка 1996 года. У ёй Славамір распавёў падрабязнасці дзейнасці ў Беларусі РНЕ і абвінаваціў афіцыйныя ўлады, што яны спрыяюць рускім фашыстам. Адамовіч таксама раскрытыкаваў журналістку Ціну Клыкоўскую за тое, што яна на старонках прэсы папулярызуе беларускі філіял РНЕ і з задавальненнем фатаграфуецца з ягонымі чальцамі. У адказ журналістка даслала ў рэдакцыю «Нашай нівы» сумеснае фота з Лукашэнкам: маўляў, магу здымацца з тым, з кім захачу.

У такіх варунках сутыкненне Славаміра з галоўным акторам было непазбежным.

 

У пекле

25 лістапада 1998 года, выступаючы на нарадзе, прысвечанай развіццю гуманітарных навук і павышэнню іх ролі ў дзяржаўным будаўніцтве, Лукашэнка звярнуўся да вучоных мужоў з нечаканым пытаннем: «Какой оппозиции вы хотите? Один оппозиционер, самый ярый, написал недавно верш “Убей президента!”».

Сапраўды, верш з такой назвай з’явіўся ў 8-м нумары віцебскай газеты «Выбар» Барыса Хамайды за студзень 1996 года (калькай для Славаміра паслужыў антыфашысцкі твор Канстанціна Сіманава 1942 года «Убей его!»). У вершы адсутнічала назва краіны і прозвішча яе кіраўніка. Мабыць, гэтым тлумачыцца, што ўлады адрэагавалі не адразу, а чакалі зручнага моманту. І ён настаў, калі Славамір зрабіў палітычны перфоманс: паехаў на беларуска-літоўскую мяжу (з мэтай абазначыць дакладныя граніцы Края) і быў затрыманы 4 красавіка 1996 года (верш «Сустрэча. Афіцэрам Смаргонскага пагранатраду»).

Тады ўлады згадалі ўсё (24 красавіка 1996 года ў рэдакцыі «Нашай нівы» праваахоўнікі ўчынілі сапраўдны разгром і канфіскавалі ўсе рэчы, датычныя Адамовіча) і ўзбудзілі супраць Славаміра адразу тры крымінальныя справы (публічная знявага прадстаўніка ўлады, спроба незаконнага перасячэння мяжы і нашэнне халоднай зброі). У зняволенні Славамір знаходзіўся з 4 красавіка 1996 года па 7 лютага 1997 года (суд адбыўся ў Віцебску).

Вынікам дзесяцімесячнай адсідкі стаў знакаміты першы«Турэмны дзённік» першага палітвязня. Адамовіч заклаў сумную традыцыю: турэмныя запісы палітвязняў Андрэя Саннікава, Зміцера Дашкевіча, Ірыны Халіп, Ігара Аліневіча, Анатоля Лябедзькі, Уладзіміра Някляева, Алеся Бяляцкага, Зміцера Дразда, Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты, Аляксандра Францкевіча. Хочацца спадзявацца, што падобнага больш не будзе.

Тытульны ліст «Турэмнага дзённіка» з аўтографам аўтара. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 

Тытульны ліст «Турэмнага дзённіка» з аўтографам аўтара. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 

Няма сэнсу падрабязна пераказваць «Турэмны дзённік» Адамовіча. Гэты твор — падарожжа не толькі ў самае пекла і дагэтуль закрытай беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, а і ў чалавечыя душы, у якіх у экстрэмальных і неспрыяльных умовах прарастае ўсё агіднае. Чаго варты запіс Славаміра ў дзённіку 24 мая 1996 года: «Вось дзе яскравы прыклад б…й беларускай натуры: цярпець смурод і спадзявацца, што прыйдзе іншаземец і нешта дасць (работу, шчасце, спакой, новую Радзіму і г.д.)».

У сувязі са справай Славаміра трэба прыгадаць і такі факт. 23 лістапада 1996 года «Знамя юности» надрукавала занатоўку УладзіміраМаксімава «Не с кистенём стоял в подъезде — писал “убойные” стихи». У ёй аўтар кпіў з абвешчанай Адамовічам галадоўкі і дазволіў сабе нападкі на яго маці Юзефу Чантарыцкую.

Маці Славаміра Юзэфа Чантарыцкая падчас мітынгу ў абарону сына, які быў зладжаны на адкрыццё першага Макдональдса ў Мінску ў снежні 1996 года. У вочы кідаецца дзіўнае падабенства Адамовіча і Ігната Грынявіцкага — беларуса, які 1 сакавіка 1881 года паставіў кропку ў зямным жыцці расійскага імператара Аляксандра II. Крыніца: «Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988–2009 гадоў».

Маці Славаміра Юзэфа Чантарыцкая падчас мітынгу ў абарону сына, які быў зладжаны на адкрыццё першага Макдональдса ў Мінску ў снежні 1996 года. У вочы кідаецца дзіўнае падабенства Адамовіча і Ігната Грынявіцкага — беларуса, які 1 сакавіка 1881 года паставіў кропку ў зямным жыцці расійскага імператара Аляксандра II. Крыніца: «Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988–2009 гадоў».


Падобныя «опусы» — яскравыя сведкі пачатку маральнай дэградацыі дзяржаўнай прэсы ў тыя гады, калі размова ішла пра палітычных праціўнікаў рэжыму. Квінтэсенцыяй такой дэградацыі стала публікацыя 6 сакавіка 2009 года «Советской Белоруссией» фельетона Ксенафонта Суперфасфатава (неўзабаве стала вядома, што за псеўданімам стаяў сам галоўны рэдактар Павел Якубовіч) пад назвай «Много у нас диковин, каждый из нас — Бетховен!». Фельетон здзекаваўся з салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай і паслужыў, як лічаць многія, штуршком да яе самагубства.

Славамір вытрымаў і выйшаў на свабоду. У гэтым яму дапамаглі ўсе: адвакат Гары Паганяйла, эксперты Алег Лойка і Міхась Тычына, якія даказвалі, што «Убей президента!» — зусім не інструкцыя да замаху на кіраўніка дзяржавы, а літаратурны эпатаж. Спрыялі недзяржаўная прэса, увага еўрапейскай супольнасці (вялікую ролю тут праз «Радыё Свабода» адыграў каардынатар парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання Сяргей Навумчык), умяшанне прадстаўнікоў расійскай культуры (Булат Акуджава, Андрэй Вазнясенскі, Бела Ахмадуліна і іншыя), бясконцыя пікеты ў Мінску і Віцебску, якія разганяліся міліцыянерамі.

«Турэмны дзённік» Адамовіча — гэта гістарычная рацыя, трыумф духу над бязлітаснай дзяржаўнай рэпрэсіўнай машынай, вернасць слову і ідэалам і любові да Беларусі, куды паэт усё ж вярнуўся пасля шматгадовай эміграцыі.

24 ліпеня 1996 года паэт-арыштант зрабіў такі запіс у дзённіку: «Трэба жыць! Хачу ўбачыць паразу ворага і трыумф нацыянальнага духу».