Беларусь адмовілася ад крэдытаў МВФ
Мінск і МВФ разышліся ў тэрмінах рэалізацыі праграмы рэформаў. З-за гэтага крэдытная праграма фонду для Беларусі не будзе ажыццёўлена.
Беларускі ўрад адмовіўся ад крэдытнай праграмы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Пра гэта ў нядзелю, 9 верасня, заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, паведамляе dw.com. Ён абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што, паводле меркавання кіраўніка дзяржавы, праграма МВФ можа абярнуцца "шокам для насельніцтва". Гэта ў сваю чаргу звязана з тым, што МВФ настойваў на рэалізацыі праграмы рэформаў у больш сціснутым перыядзе, чым гэта было раней узгоднена урадам.
Пры гэтым каранёвых рознагалоссяў з МВФ па характары рэформаў беларускі ўрад не заўважае. "Мы распрацоўвалі разам з экспертамі МВФ праграму структурных рэформаў, якая б адпавядала філасофіі фонду. І ў прынцыпе, па ключавых момантах, у нас пазіцыі супалі, мы выйшлі на праграму, але мы разышліся ў тэрмінах яе рэалізацыі", — дадаў Ермаловіч.
Беларускі міністр таксама паведаміў, што ў 2019 годзе Мінск не мае намеру размяшчаць еўрааблігацыі.
Максім Ермаловіч распавёў, што Беларусь рыхтуецца да размяшчэння суверэнных аблігацый на кітайскім і расійскіх рынках, піша tut.by.
«Мы разлічваем, што ў сярэднетэрміновай перспектыве з лакальных рынкаў (расійскага, кітайскага і іншых рынкаў, на якіх Беларусь можа працаваць) мы зможам прыцягнуць запазычанні ў суме да 2 мільярдаў долараў ЗША сумарна за некалькі гадоў», — паведаміў міністр фінансаў.
Нагадаем, Беларусь у 2019-2025 гадах плануе накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд долараў. Пры гэтым у 2019-2023 гадах плацяжы па дзярждоўгу складуць 18,5 млрд долараў: у 2019 годзе — 3,6 млрд, у 2020-м — 3,78, ў 2021-м — 3,54, ў 2022-м — 3,6, у 2023-м — амаль 4 млрд долараў. У 2024-2025 гадах, як чакаецца, плацяжы па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу знізяцца да 2,59 і 2,36 млрд долараў адпаведна.
Па дадзеных на 1 жніўня 2018 года, знешні дзяржаўны доўг складае 16,5 мільярдаў даляраў, зменшыўшыся з пачатку года на 179 млн даляраў.