Беларусы пачалі атрымліваць больш грашовых пераводаў з-за мяжы
Агульная сума пераводаў, якія грамадзяне Беларусі атрымалі з-за мяжы ў красавіку — чэрвені 2021 года, склала 90 мільёнаў долараў у эквіваленце. У першым квартале гэтая велічыня складала 86 мільёнаў, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на справаздачу Нацбанка.
Грошы з-за мяжы беларусы атрымлівалі галоўным чынам з Расіі (26 мільёнаў долараў), ЗША (16 мільёнаў), Ізраіля (6 мільёнаў), Германіі (4 мільёны) і Казахстана (3 мільёны).
Сума пераводаў, якія беларусы адправілі за мяжу, таксама вырасла. У другім квартале 2021 года яна склала 60 мільёнаў долараў, у той час як у першым квартале было 50 мільёнаў.
Пры гэтым сярэдняя сума аднаго грашовага пераводу ў Беларусь складала 309 долараў, а пераводу з Беларусі — 404 долары.
У справаздачы Нацбанка ўлічаныя пераводы праз сервісы «Western Union», «Юністрым», «Залатая Карона», «MoneyGram», «Contact», «Ria Money Transfer», «Ашчадбанк Анлайн».