«Не спансаваць рэжым Лукашэнкі»: У Мінску «камуналку» не плаціць кожны 10-ты
Агульная сума пратэрмінаванай запазычанасці за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі ў Мінску склала амаль 9 мільёнаў рублёў.
На пачатак лістапада з 711339 асабовых рахункаў, якія абслугоўвае філіял «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр», пратэрмінаваная запазычанасць маецца па кожным дзясятым, паведамілі ў «Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», перадае Радыё Свабода.
У сувязі з гэтым камунальнікі праводзяць інфармацыйную працу з няплатнікамі: тэлефануюць, шлюць паведамленні, наведваюць дамы і кватэры. Як папярэджваюць у цэнтры, ігнараванне рахункаў-паведамленняў цягам паўгода можа спрычыніцца да высялення або прымусовага продажу квадратных метраў, якія знаходзяцца ва ўласнасці даўжніка.
У сацсетках раней заклікалі не плаціць за камунальныя паслугі, каб «не спансаваць злачынны рэжым Лукашэнкі».