У Беларусі колькасць зарэгістраваных беспрацоўных за год вырасла больш як на 73%

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец сакавіка 2015 года склала 39 тысяч, што на 73,1% больш, чым на канец сакавіка 2014 года, і на 8,6% больш, чым на канец лютага 2015 года. 



big_498555.jpg

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец сакавіка 2015 года склаў 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец сакавіка 2014 года — 0,5%). 


Як паведамілі ў Белстаце, у эканоміцы краіны ў сакавіку 2015 года было занята 4 млн. 456,9 тыс. чалавек, што на 1,1% менш, чым у сакавіку 2014 года. 


Арганізацыямі (без суб'ектаў малога прадпрымальніцтва) у сакавіку было прынята на працу 53,3 тыс. чалавек (1,7% сярэднямесячнай колькасці), у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы — 4,4 тыс. чалавек, ці 8,2% ад агульнай колькасці прынятых.

 
Звольнена з-за розных прычын 66,9 тыс. чалавек (2,1% сярэднямесячнай колькасці), з іх 5,8% было звольнена за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, 1,1% — у сувязі са скарачэннем колькасці ці штата работнікаў, ліквідацыяй арганізацый. 


Каэфіцыент замяшчэння работнікаў (суадносіны ліку прынятых да ліку звольненых) у сакавіку 2015 года склаў 0,797 (у сакавіку 2014 года — 0,848).
Марына Носава, БелаПАН