Заіка: «Беларускі ўрад павінен расслабіцца і атрымліваць задавальненне»

 Беларуская эканоміка адступае па ўсіх франтах. Сама траекторыя руху — крызісная.



zaiko_leonid_t.jpeg

Такое меркаваньне ў інтэрвію "Радыё Свабода" выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, камэнтуючы паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцьця Беларусі за першыя шэсць месяцаў 2015 году:

«Сітуацыя разьвіваецца штатна, як кажуць касманаўты. Справа ў тым, што сама траекторыя беларускай эканомікі крызісная. Мы выходзім на пункт перагіну — класычны крызіс адноснай перавытворчасці тавараў, які быў апісаны яшчэ ў XIX стагоддзі. На мой погляд, тут усё адбываецца абсалютна заканамерна».

На думку эканаміста, самі па сабе лічбы, якія дае Белстат — гэта зусім не галоўнае. Паводле Заікі, падзенье ВУП на 3,3 % у сённяшніх умовах — гэта не шмат, а падзенне прамысловай вытворчасці на 7,4 % — нават добра, бо такім чынам прадпрыемствы перастаюць выпускаць непатрэбныя тавары і забіваць склады.

«У гэтых умовах трэба змагацца не з крызісам, а абнаўляць вытворчасць, займацца праграмамі стварэння новых відаў тавараў, новых відаў паслуг. Гэта значыць — рэструктурызаваць кіраванне і наменклатуру тавараў, якія выпускаюцца ў краіне. На цяперашняй фазе важная і рэструктурызацыя працоўнай сілы — гэта значыць, вызваленне прадпрыемстваў ад лішніх рабочых і стварэнне новых працоўных месцаў.

Але ў нас усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот. Мы спрабуем зноў выціскаць сацыялістычны лімон і дамагацца нейкіх высокіх паказчыкаў — а гэта абсалютнае глупства! Урад неадэкватна ўспрымае сітуацыю, урад спалоханы.

Наколькі ясна з заяў, урад будзе старацца нешта зрабіць у другім паўгоддзі, каб выйсці на станоўчыя паказчыкі. А рабіць гэтага не трэба — урад павінен расслабіцца і атрымліваць задавальненне», — кажа эксперт.

Што тычыцца падзення аб’ёмаў экспарту беларускіх тавараў і паслуг на 25,9 %, то, на думку Заікі, гэта вынік няслушнага выбудоўвання экспарту па монасыравіннай або монатаварнай прыкмеце:

«Шмат якія механізмы былі закладзеныя з-за таго, што была няправільная арыентацыя на перапрацоўку нафты. Нафта цяпер таннее, нафтапрадукты робяцца таннейшыя. А гэта закладалася з канца 90-х гадоў. Тады гэта была сусветная радасць — сесці на расійскую нафтавую трубу, перапрацоўваць нафту, вылупліваць вочы і прадаваць дарагія нафтапрадукты за мяжу. У нас 40 % усяго аб’ёму экспарту прыпадала на нафтапрадукты. Яны маглі б займаць 10–15 %, але не 40 %. Мне неаднаразова даводзілася пісаць, што гэта вельмі небяспечна, што гэта аднабокая залежнасць ад нафтавай нішы рынку. То бок гэта была абсалютна непрыдатная палітыка. Было жаданне нахапаць болей нафты, прадаць яе, а потым сядзець, усміхацца і гаварыць пра заробак у 1 000 долараў», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Сённяшнія паказчыкі беларускай эканомікі сур’ёзна разыходзяцца з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2015 год. Але навошта ўлада зацвердзіла такія паказчыкі? Няўжо ніхто не разумеў, што іх немагчыма будзе выканаць? На думку Заікі, неадэкватны сацыяльна-эканамічны прагноз — гэта вынік таго, што ніхто ва ўрадзе не можа ўзяць на сябе адказнасць за сітуацыю ў эканоміцы.

«Ва ўрадзе няма чалавека, які можа на сябе ўзяць адказнасьць. Яны сядзяць, шчокі раздзімаюць і самазабыўна слухаюць Лукашэнку. А Лукашэнка патрабуе ад іх: давайце больш пазітыву, давайце плюсы. Няма такога, каб прыйшлі да яго 2–3 чалавекі і сказалі: „Аляксандар Рыгоравіч, гэта мура, ніякі плюс не патрэбны, трэба змагацца за глыбокую рэструктурызацыю эканомікі, пачынаць новую эканамічную палітыку, закладаць новую стратэгію бізнэсу...“ Час крызісу — гэта час стварэння новай эканомікі, і гэтым трэба займацца. Але яны ж усе слабенькія, яны ўсе троечнікі, вучыліся дрэнна ў інстытутах. Чаго ад іх можна было чакаць? Яны толькі і робяць, што ядуць вачыма начальства. Вось і атрымліваецца такі вынік», — адзначае эксперт.