Raiffeisen прагназуе значнае скарачэнне ЗВР Беларусі
Аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen перагледзелі прагноз па развіцці беларускай эканомікі. Банкаўскія аналітыкі чакаюць зараз больш глыбокага зніжэння ВУП Беларусі і прагназуюць значнае скарачэнне золатавалютных рэзерваў краіны.
Згодна з абноўленым прагнозам Raiffeisen, які прыводзіцца ў ліпеньскім выпуску эканамічнага агляду "Прыёрбанка", ВУП Беларусі ў 2015 годзе знізіцца на 3,5 %.
Варта зазначыць, што раней банкаўскія аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы прытрымліваліся больш спрыяльнага прагнозу. Вясной гэтага года яны чакалі, што ВУП Беларусі знізіцца толькі на 2 %, а ў
пачатку года прытрымліваліся афіцыйнага прагнозу ўладаў, які не прадугледжваў зніжэння ВУП у рэальным выражэнні ў 2015 годзе.
Прагноз па інфляцыі ў Беларусі Raiffeisen скарэктаваў у лепшы бок. Згодна з ліпеньскімі ацэнкамі Raiffeisen, спажывецкія цэны ў 2015 годзе ў рэспублікі могуць вырасці на 17 % (раней аналітыкі
аўстрыйскай банкаўскай групы чакалі, што інфляцыя ў Беларусі складзе сёлета 23 %).
Аналітыкі Raiffeisen перагледзелі таксама, але ў бок значнага пагаршэння, прагноз па дынаміцы золатавалютных рэзреваў Беларусі. Зараз аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы прагназуюць, што
рэзервы рэспублікі скароцяцца да канца года да 2,8 млрд долараў. Раней Raiffeisen чакаў, што беларускія ўлады змогуць захаваць у 2015 годзе рэзервы на ўзроўні, які быў у пачатку года (5,1 млрд
долараў).
Беларускія эканамісты мяркуюць, што эканамічныя ўлады ў асобе ўрада і Нацбанка зробяць усё магчымае, каб не дапусціць рэзкага зніжэння золатавалютных рэзерваў, нягледзячы на значныя выплаты па дзярждоўгу ў другім паўгоддзі.
"Зніжэнне рэзерваў з 4,6 млрд. долараў на 1 ліпеня да 2,8 млрд да канца года вельмі сур'ёзнае. Калі рэзервы пачнуць рэзка зніжацца, пра гэта ўсе пачнуць пісаць, насельніцтва пачне хвалявацца і невядома як рэагаваць. Таму такога значнага зніжэння рэзерваў ніхто не дапусціць", — упэўненая навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.
Старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі прытрымліваецца такой жа думкі і зазначае, што ў год прэзідэнцкіх выбараў рэзкае зніжэнне рэзерваў малаверагоднае.
"Зніжэнне рэзерваў да ўзроўню меншага за адзін месяц імпарту — вельмі негатыўны сцэнарый для любой краіны. Таму можна чакаць, што ўрад будзе імкнуцца выплачваць даўгі за кошт рэфінансавання, а не за кошт выключна рэзерваў", — прагназуе Палхоўскі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН