Лукашэнка: Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і газу

Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па разведцы карысных выкапняў. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 30 ліпеня, прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту.



10345.jpg

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на сур'ёзныя недапрацоўкі па разведцы нетраў.

«Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — На падобных тэрыторыях у Расіі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы».

Лукашэнка лічыць важным улічваць вопыт замежных партнёраў і наладжваць супрацоўніцтва з імі па разведцы карысных выкапняў.

«Ёсць шмат дзяржаў, што маюць вялікія багацці сваіх нетраў, кіраўнікі якіх прапануюць нам супрацоўнічаць — Венесуэла, Зімбабвэ і іншыя лацінаамерыканскія і афрыканскія краіны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба сур'ёзна разам з зацікаўленымі прапрацаваць гэтыя пытанні, у тым ліку паглядзець, на якіх умовах супрацоўнічаць і што мы ад гэтага будзем мець».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэта сустрэча праходзіць напярэдадні нарады, якая будзе прысвечана тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі.

«Далажыце аб тым, што мы маем і аб тым, што будзем мець заўтра і паслязаўтра. План дзеянняў па сур'ёзным вывучэнні нашых нетраў вы павінны пакласці мне на стол», — запатрабаваў ён.

Гэтая тэма будзе знаходзіцца пад асабістым кантролем Лукашэнкі, перадае БЕЛТА.

У 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў больш уважліва паглядзець у нетры Беларусі.

"Не можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродным газам! Я на гэта спадзяюся. Трэба сур'ёзна паглядзець на зямлю, па якой мы ходзім. І мы будзем шукаць! Не можа быць, каб чалавек шукаў — і не знайшоў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Мы не вельмі варушымся, каб паглядзець што ў нас там (у нетрах — Рэд.) ёсць. Мне здаецца, што-то ў нас ёсць. А калі ёсць нафта, то павінен быць і газ. Нам трэба больш сур'ёзна паглядзець на нетры. Знойдзем мы нешта, а тое, што ёсць, мы паспрабуем распрацаваць", — заяўляў беларускі лідар.