Заснавальнікі Viber распрацавалі ў Мінску «забойцу Uber»

Juno, новы стартап заснавальнікаў VoIP-мэсэнждера Viber Ігара Магазініка і Тальмона Марка, дэв-цэнтр якога месціцца ў Мінску, займаецца распрацоўкай новага анлайн-сэрвісу па замове таксі і абяцае стаць канкурэнтам звышпаспяховаму амерыканскаму стартапу Uber.



uber.jpg

Пра гэта ў інтэрв'ю Forbes паведаміў Марка, піша dev.by

Па словах Тальмона Марка, Juno, які знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі, валодае «шэрагам пераваг, якія будуць адрозніваць яго ад іншых падобных сэрвісаў на рынку».

Хутчэй за ўсё, галоўным адрозненнем новага амбітнага сэрвісу стануць яго адносіны з кіроўцамі-партнёрамі. У адрозненне ад Uber, які ўсталяваў 20-працэнтны памер камісіі з кожнай паездкі, Juno плануе браць толькі 10 працэнтаў. Акрамя гэтага, стартап «зарэзерваваў» за кіроўцамі роўна палову акцый кампаніі.

«Мы верым у тое, што прыйшоў час для таксі-сэрвісу, які адносіцца да кіроўцаў правільна. Прыйшоў час для этычна дакладнага сацыяльна адказнага сэрвісу. Як раз гэтым мы і займаемся», — адзначыў Марка.

Як паведамляе Forbes, у Нью-Ёрку ўжо адбыўся сакрэтны запуск сэрвісу Juno, аднак замовіць машыну пакуль немагчыма. Стартап плаціць 25 долараў у тыдзень кіроўцам Uber толькі за тое, каб падчас паездак па звычайных маршрутах тыя таксама выкарыстоўвалі Juno.

Марка называе гэты збор дадзеных «бэта-тэставаннем сэрвісу»: «Каб пераканацца, што ўсё працуе ў маштабе. Акрамя гэтага, сабраныя дадзеныя даюць нам магчымасць зразумець заканамернасці, паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху, гадзіны актыўнасці і гэтак далей», — прызнаецца Марка.

Прадстаўнік аналітычнага агенцтва CBInsights Ананд Санвал, які раскрыў сакрэт распрацоўкі Juno, паведаміў, што ў стартапа ёсць каманда інжынераў у Ізраілі. Акрамя таго кампанія арандавала офіс плошчай амаль за 1.000 квадратных метраў у цэнтры Манхэтэна.

У красавіку 2015 года ў інтэрв’ю dev.by Марка і Магазінік упершыню распавялі пра «паступовы» сыход з Viber і запуску новага стартапа. Амаль за год памер мінскага офіса Juno Lab перавысіў 40 чалавек, аднак тое, чым займалася каманда, трымалася ў строгім сакрэце. Першым членам і кіраўніком новай каманды стаў Аляксей Мінкевіч, які да гэтага прапрацаваў 15 гадоў у кампаніі IBA.

«Кожны раз пры пераходзе з кампаніі ў кампанію (а ў мяне гэта ўжо трэці «раўнд») я спрабую ўлічыць усё, што зроблена на папярэднім этапе: што спрацавала, а што не. Ёсць адна рэч, якую я выразна зразумеў за час працы ў Беларусі: цэнтр распрацоўкі тут — гэта вельмі добрая ідэя. Мы абсалютна не абавязаны будаваць новую кампанію менавіта тут і не давалі абяцанняў ў духу Шварцэнэгера: «I'll be back». Але мы знайшлі тут распрацоўшчыкаў найвышэйшага класа — як прафесійна, так і чыста па-чалавечы, — растлумачыў прычыну адкрыцця офіса Juno ў Мінску Тальмон Марка. — Цяпер мы можам ўзяцца за нешта, што патэнцыйна нават круцей і больш, чым Viber. Хочацца, каб беларускія распрацоўшчыкі сталі нашымі саюзнікамі ў гэтай справе, прычым толькі лепшыя з лепшых».

Нагадаем, што мінскія таксісты моцна незадаволеныя з’яўленнем Uber у Беларусі.


P.S.: Беларусь славіцца сваімі стартпапамі MSQRD, MAPS.ME, Apalon і SplitMetrics. Сур'ёзны ўклад у тэхналагічны прарыў у Беларусі ўнесла кампанія Viaden, заснаваная ў 2001 годзе Віктарам Пракапеням. Кампанія вядомая як найбуйнейшы распрацоўшчык ПА для гульнявой індустрыі і інтэрнэт-казіно, а таксама фітнес-прыкладанняў для мабільных платформаў. Playtech заключыла здзелку на куплю Viaden Media ў 2012 годзе. Да іншых паспяховых праектаў Віктара Пракапені адносяцца Fintech-стартап exp (capital), які распрацоўвае ПА для гандлю фінансавымі інструментамі, і VP Capital, венчурны фонд з акцэнтам на IT-праекты.