Абвешчаны пераможцы конкурсу «Стартап года»
У мінскім бізнэс-цэнтры «Вікторыя» адбыўся фінал конкурсу «Стартап года 2017». Пераможцам стаў медычны стартап «Lung passport».
Агулам у мерапрыемстве ўдзельнічала некалькі дзясяткаў стартапаў, якія прайшлі кваліфікацыйны адбор у шэрагу секцый: «Індустрыя», «Сервісныя паслугі», «Адукацыя», «Блокчэйн», «Медыцына», «Энергетыка», «Штучны інтэлект і інтэрнэт рэчаў».
Пераможцам па выніках галасавання экспертаў стаў праект Алены Бінецкай «Пашпарт лёгкіх» (Lung passport). Гэты стартап распрацаваў тэхналогію мабільнай дыягностыкі захворванняў лёгкіх з дапамогай нейрасетак. Зараз прадукт праходзіць адпаведныя сертыфікацыі і рыхтуецца да выхаду на сусветны рынак.
Сярод іншых прызоў, праект-пераможца атрымаў права ўдзелу ў праграме акселерацыі ў Нью-Ёрку.
Другое месца заняў унікальны для Беларусі бізнэс-праект — ферма па развядзенні цвыркуноў crickets.by. Уладальнікі цвыркуновай фермы рыхтуюцца пашырыць дзейнасць і перайсці да вытворчасці пратэінавай мукі, прыдатнай для спажывання ў спартовых і аздараўленчых дыетах. У Беларусі гэты праект канкурэнтаў не мае.
Трэцяе месца аддадзена праекту Kimchi. Мінскія праграмісты рэалізавалі тэхналогію аналіза відэа, якая ідэнтыфікуе рухі чалавечага цела. Унікальнасць тэхналогіі ў тым, што, паводле сцвярджэння аўтараў, яна не патрабуе моцных серверных рэсурсаў, і можа працаваць аўтаномна на звычайным смартфоне.