Ад сёння ў Беларусі забароненая назва «электронныя цыгарэты»
У Беларусі з 1 ліпеня забаронена выкарыстанне назвы «электронная цыгарэта», заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
Паводле яе слоў, так званыя электронныя цыгарэты па-ранейшаму могуць прадавацца, але пазначаць гэтыя тавары словамі «электронная цыгарэта» будзе забаронена. Гэтая забарона датычыцца ў тым ліку інтэрнэт-крамаў.
«Гэты тавар прадаваць можна, ён не забаронены. Але з 1 ліпеня ў інтэрнэце мы не павінны ўбачыць ані аптовы, ані раздробны продаж «электронных цыгарэт», мы павінны ўбачыць іншыя найменні», — сказала намеснік міністра.
Парушальнікам гэтага патрабавання будзе пагражаць штраф.
«Калі ёсць закон, то суб’екты бізнесу, якіх гэта тычыцца, павінны да гэтага падрыхтавацца. Калі гэтыя парушэнні будуць выяўляцца — а ў нас ёсць кантралюючыя органы, якія пільна за гэтым сочаць — то меры ўздзеяння будуць прынятыя», — адзначыла намеснік міністра, якую цытуе БелТА.
«Што такое так званая электронная цыгарэта? Гэта не цыгарэта ў звыклым разуменні, як тлумачыць Сусветная арганізацыя аховы здароўя, гэта нейкая прылада для курэння, электронны інгалятар. У Беларусі гэты тавар па-ранейшаму будзе прадавацца, ён проста павінен будзе памяняць сваё найменне», — падагульніла Ірына Наркевіч.