Адваката Сяргея Зікрацкага выклікаюць на пераатэстацыю

Адваката Сяргея Зікрацкага, які абараняе многіх беларускіх журналістаў, выклікаюць на пераатэстацыю, якая пройдзе 24 сакавіка.

Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко


Сяргей Зікрацкі — адзін з лепшых беларускіх адвакатаў, які спецыялізуецца на аўтарскім, карпаратыўным праве, інтэлектуальнай уласнасці. У апошні год Зікрацкі таксама ўдзельнічае на баку абароны ў палітычна матываваных справах, ён абараняе многіх беларускіх журналістаў, якія праходзяць па адміністрацыйных і крымінальных справах. Зікрацкі абараняў TUT.BY, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ, журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), таксама ён адвакат супрацоўнікаў «Прэс-клуба», якія знаходзяцца ў СІЗА па абвінавачанні ў нясплаце падаткаў.
Папярэдні раз Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці праводзіла пазачарговую атэстацыю адвакатаў 4 сакавіка. Як паведаміла Міністэрства юстыцыі, з сямі адвакатаў атэстацыю прайшоў толькі адзін.
— Падставай для выкліку на пераатэстацыю стаў шэраг маіх каментароў у СМІ. Міністэрства юстыцыі палічыла, што гэтыя каментары не ў поўнай меры адпавядаюць заканадаўству, а таму сведчаць аб неналежным выкананні мной сваіх прафесійных абавязкаў. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі ініцыюе пазачарговую атэстацыю, каб вызначыць магчымасць далейшага выканання мной сваіх прафесійных абавязкаў, — распавёў TUT.BY Сяргей Зікрацкі.
Ціск на адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у гучных палітычных справах, пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.
За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўлены адвакаты Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Без лiцэнзii можа застацца Уладзімір Сазанчук, які абараняе палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).
У 2020 годзе была таксама спыненая ліцэнзія адваката Юліі Леванчук, яна вядомая па справе аб абароне збітага сілавікамі прадпрымальніка Максіма Харошына.
Акрамя пазбаўлення ліцэнзій, дзейнасць адвакатаў хочуць абмежаваць і законам. Нядаўна стала вядома, што ў Беларусі рыхтуецца законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці», якім прапануецца забараніць адвакатам, якія працуюць індывідуальна, і адвакацкім бюро абараняць людзей, што праходзяць па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах.
Пра ціск на беларускіх адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных справах, падчас 46-й сесіі Рады ААН па правах чалавека заяўляў і вярхоўны камісар ААН.
У абарону беларускіх адвакатаў выступілі Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA), Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) і Фонд Дж. Клуні «За справядлівасць» (CFJ), а таксама аўтарытэтныя расійскія адвакаты.