Адзін з лаўрэатаў прэміі імя Святланы Навумавай — журналіст «Новага Часу» Зміцер Галко
У Мінску 27 сакавіка ў чацвёрты раз ўручана штогадовая прэмія імя беларускага палітолага, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай.
Як нагадвае БелаПАН, Навумава, якая была адной з актывістак кампаніі «Гавары праўду», памерла 10 сакавіка 2011 года на 56-м годзе жыцця ад хваробы нырак. Прэмія, па меркаванню
яе заснавальнікаў, закліканая стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў і аналітыкаў, а таксама звярнуць увагу на найбольш перспектыўных маладых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.
Прэмія ўручаецца з 2012 года ў трох намінацыях: «Журналістыка» («За грамадзянскую і маральную пазіцыю»), «Аналітыка» («За глыбіню
думкі і навуковую адказнасць») і «Палітычная дзейнасць» («Надзея», уручаецца палітыкам да 35 гадоў ). У 2014 годзе дададзеная намінацыя
«Сацыяльная інавацыя - задума года».
Пераможцам у намінацыі «Задума года» стаў праект KaliLaska - першы ў Беларусі дабрачынны магазін, які «ператварае непатрэбныя адным людзям рэчы ў карысныя для
іншых».
Лаўрэатам у намінацыі «Надзея» стаў Алег Корбан, лідэр грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (Латвія), сфера дзейнасці якога - прававая дапамога
студэнтам, адукацыйныя праекты, вулічныя акцыі.
У намінацыі «Аналітыка» перамог аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст за шэраг артыкулаў і аналітычную перадачу на радыё і блогі на сайце tut.by.
Лаўрэатам у намінацыі «Журналістыка» стаў карэспандэнт газеты «Новы час» Зміцер Галко за серыю матэрыялаў з Данбаса.
«Мы разам займаемся вельмі вялікай справай. Мы спрабуем выцягнуць краіну, у якой жывем і якую любім, з той пасткі, у якой яна сёння апынулася», - падвёў вынікі ўручэння прэміі
лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.