Алесь Бяляцкі ў турме напіша ўспаміны пра Віктара Івашкевіча

Наталля Пінчук, жонка палітзняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна"  Алеся Бяляцкага, размаўляла з мужам па тэлефоне. Бяляцкі зараз адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі №2.



ivashkevich_009.jpg

Фота vytoki.net

Па словах Наталлі Пінчук, яе муж з газетаў даведаўся пра смерць свайго блізкага сябра і паплечніка Віктара Івашкевіча.

— Першае, што было ў нашай размове, калі Алесь патэлефанаваў, ён сказаў, што даведаўся пра смерць Віктара. Навіна ашаламляльная. Алесю яшчэ цяжка асэнсаваць тое, што адбылося, настолькі моцнай была для яго гэта трагічная навіна.    

Алесь Бяляцкі сказаў, што хоча сабрацца з думкамі і напісаць успаміны пра Віктара Івашкевіча, з якім ён знаёмы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Беларусі пачынаўся рух нацыянальнага Адраджэння. 

Наталля Пінчук распавяла, што Алесь Бяляцкі таксама з газетаў даведаўся пра тое, што стаў лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гавела. Але пра гэтую падзею яны амаль  не гаварылі, яна адышла на другі план на тле сыходу з жыцця Віктара Івашкевіча. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя