Асуджаны да «хатнай хіміі» ўдарыў сябе нажом у грудзі, каб не трапіць у калонію
Пад Гродна хлопец, якога асудзілі да «хатняй хіміі», ударыў сябе нажом у грудзі, калі да яго з праверкай прыйшоў міліцыянт
У Гродзенскай вобласці хлопец, які адбывае пакаранне на «хатняй хіміі», з-за страху трапіць у калонію з-за парушэння рэжыму, спрабаваў учыніць самазабойства. Яго атрымалася выратаваць, паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Участковы Гродзенскага РАУС адправіўся праверыць свайго паднагляднага, які адбывае тэрмін на "хатняй хіміі" ў вёсцы Капланаўцы. Да гэтага мужчына не прыйшоў адзначыцца і двойчы пакідаў месца жыхарства.
Міліцыянт пачаў грукаць у дзверы, але ніхто не адкрываў. Праз некаторы час усё ж такі з'явілася бабуля "хіміка" і сказала, што ўнук сябе дрэнна адчувае.
Участковы зазірнуў у дом і ўбачыў, што хлопец трымаўся за нож, які тырчыў у яго з грудзей. Выклікалі хуткую дапамогу, урачам удалося выратаваць яго.
Паранены растлумачыў, што ў яго на «хатняй хіміі» было некалькі парушэнняў рэжыму, і ён спалохаўся, што міліцыянты адправяць яго адбываць пакаранне ў калонію, таму і вырашыў здзейсніць суіцыд.