Аўтабіяграфічны нарыс Арсеня Ліса

Да дня народзінаў знакамітага навукоўца Арсеня Ліса Таварыства беларускай мовы надрукавала яго аўтабіяграфічны нарыс для партала ТБМ. "Новы час" далучаецца да шчырых віншаванняў аднаго з самых актыўных аўтараў нашай газеты!



Я нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, а тады Маладзечанскі павет Віленскай губерні. Вёску пабудавалі мае далёкія продкі, якія да 1861 года працавалі ў графа Агінскага. А атрымаўшы магчымасць мець зямлю, у 1861 годзе заснавалі сваю вёску і назвалі яе Нова-Александрова, у гонар цара, які вызваліў ад прыгону. Але адзін з каморнікаў, які надзяляў зямлёй (а надзялялі скупавата — 3 га і 20 сотак толькі давалі), адразу сказаў: “Ветхая будет деревушка”. Слова “ветхая”, і не надта зразумелае тады беларусам, стала назвай вёскі, а афіцыйнае Нова-Александрова забылася.
Ну, вёска як вёска, праўда, што маладосць бацькоў прыпала на 20-ыя гады. Бацька мой Сяргей Ліс, яго бацькі — Пятрок і Прузына. Маці Алена паходзіла з суседніх Янівіч, бацькі яе — Юстын і Агата Дудкі. І бацька, і маці хадзілі ў першую беларускую школу, якую, дарэчы, у 1920 годзе адкрыў у хаце майго дзеда Петрака пасля беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні Янка Дудка. На тых віленскіх курсах вучылі па граматыцы Браніслава Тарашкевіча, па падручніках гісторыі Усевалада Ігнатоўскага, геаграфіі Аркадзя Смоліча. Але палякі неўзабаве школу закрылі і арыштавалі Янку Дудку па падазрэнні ў распаўсюдзе лістовак супраць улады. І ён апынуўся ў Лукішках разам з Максімам Гарэцкім (гэта яшчэ да пераезду Гарэцкага ў савецкую Беларусь).
А ў 20-ыя гады, пачынаючы з нашаніўскага перыяду, ішло беларускае адраджэнне, актыўнае станаўленне беларускай нацыі. Браніслаў Тарашкевіч ужо ў 1924 годзе, выступаючы ў сойме польскім, выдатна бараніў з той высокай трыбуны беларусаў, як ніхто да гэтага. Ён казаў, што ў савецкай Беларусі бальшавікі з цяжкасцю, але будуюць беларускі дом. Так здавалася. Тады, у 20-ыя гады, савецкая Беларусь развівалася натуральна. Інтэлігенцыя нарастала. А ў Заходняй Беларусі ішло фактычна нацыянальна-вызваленчае змаганне, бо палякі ставілі задачу паланізаваць прыхопленыя беларускія тэрыторыі. І многія былі тады прыхільнікамі камуністычнай ідэі, бо камуністы абвяшчалі сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Моладзі гэта імпанавала і яна рушыла ў падполле, займалася беларускай асветніцкай працай у гуртках Таварыства беларускай школы (ТБШ)
Я некалі цікавіўся гэтым пытаннем і аказалася, што ў многіх суседніх ад Вётхава вёсках было таксама шмат актыўнай моладзі. Многія былі ўдзельнікамі падпольнага руху, таму ўцякалі на савецкі бок, бо баяліся польскіх рэпрэсій. Уцякалі з надзеяй, што на савецкім баку можна вучыцца, што там Беларусь будуецца. З усёй Заходняй Беларусі масава інтэлігенцыя на савецкі бок сыходзіла. Гэта быў цэлы фатальны зыход. 
І мае сваякі былі актыўныя. Старэйшы бацькаў брат Іван быў адукаваны, быў падпольным камуністам і сакратаром Беларускай сялянскай работніцкай грамады ў Вётхаве. А мамін брат Грышка, хоць і не быў асабліва адукаваны, але быў сакратаром Грамады ў Янівічах. Беларуская сялянская работніцкая грамада налічвала больш за 100 000 сяброў. Так хутка паўстала партыя, ішло нацыянальнае ўсведамленне народа.
Бацька таксама быў кандыдатам у КПЗБ пад псеўданімам “Садоўскі”. Старэйшыя бацькавы браты былі членамі кампартыі, працавалі ў падполлі, таму пайшлі на савецкі бок, дзе загінулі (хутчэй за ўсё былі расстраляныя ў 30-ыя гады). А Сталін жа ў 1937 годзе забараніў кампартыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы. Іх кіраўнікоў выклікаў у Савецкі саюз і расстраляў. Сёння кажуць, што рыхтаваўся ў саюзнікі да Гітлера.
І ў Вётхава ў тыя гады моладзь цікавілася палітычнымі падзеямі, шмат чытала. Ішла ў вёску віленская беларуская прэса. Друк быў моцна пастаўлены ў Вільні ў той час. Выходзіў часопіс гумару і сатыры “Маланка”, вельмі папулярны ў народзе. Адтуль мой дзядзька, мамін брат Грышка з Янівіч, расказваў на памяць вершы. Вершаў Янкі Купалы многа знаў. З вуснаў дзядзькі я яшчэ да школы вывучыў верш Францішка Багушэвіча “Не чурайся мяне, панічок” і верш Алеся Гаруна “Хто сказаў: “І  я з народам…”.
У нашай хаце ніякіх паэтычных вечароў не ладзілі (але маці хадзіла на такія вечарыны ў іншыя вёскі), проста прыходзіў дзядзька Грышка, а часам дзядзька Захарка (муж мамінай сястры з вёскі Сівіцы). Іх размовы часта зводзіліся да таго, што моладзь заходнебеларуская, прыціснёная палякамі, сышла ў Саветы і загінула. Для іх гэта было загадкай, чаму моладзь, якая змагалася за новы свет, хацела будаваць свабодную Беларусь, была знішчана? І заўсёды гутарка вярталася да гэтай праблемы пры розных бытавых абставінах. Чаму? Што здарылася? Трагедыя вялікая была. Знішчэнне беларускай інтэлігенцыі 30-40-ых гадоў. Навуковая інтэлігенцыя была цалкам знішчана, мастацкая інтэлігенцыя, палітычная інтэлігенцыя. Гэта наша трагедыя, якую мы выдыхаем і цяпер. У дачыненні беларусаў быў створаны этнацыд. Калі ва Украіне 45% інтэлігенцыі было знішчана, то ў нас 90%. Мэтай было, каб народ не мог асэнсаваць свайго становішча, стаць на ногі яшчэ гадоў 50¬¬-70. Без сваіх абаронцаў і стратэгаў ён стаўся бязрадны ў руках даваеннай аўтарытарнай польскай і таталітарнай савецкай палітычных сістэм. Нацыянальна-творчы працэс беларусаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя быў спынены — і таймуецца па сённяшні дзень. 
Падчас майго дзяцінства маці ўвесь час успамінала 20-ыя гады, спявала песні і народныя, і падабраныя на вершы. Спявала народных песень вельмі многа, асабліва асеннія, пераняла іх яшчэ ад сваёй маці Агаты. Апошні раз помню сяджу на яблыні, яблыкі абіраю і аднекуль асенняя песня. Кажу, ай, даўно было не чуваць. Нехта ж азваўся асенняй песняй. Тонкі мінор, надзвычай тонкі, глыбінны, плыў над зямлёю.
А спявала яна і песні на вершы Якуба Коласа. Сама складала мелодыі, яна была здольная. Мела зборнік Канстанцыі Буйло “Курганная кветка” і на гэтыя вершы таксама падбірала мелодыі. І нейкія здольнасці, якія ў мяне ёсць, лічу, ад маці. Яна мне была найбліжэйшая, ад маці я нешта ў прыродзе сваёй меў, на генетычным узроўні. Неяк раз, седзячы на прысвіронку і перабіраючы цыбулю, яна сказала: “Усё жыццё робіш не тое, што хочаш”. А яна любіла літаратуру, імкнулася да духоўнага жыцця. У маці была толькі самаадукацыя, бо ў беларускую школу пахадзіла нядоўга перад яе закрыццём. Школу закрылі, дык яна казала: “Я сама сабе задавала ўрокі ў падручніку і правярала сама сябе”.
А я хадзіў у сямігодку ў Залессі, школа была ад Вётхава за кіламетр. Сярэднюю школу заканчваў у Смаргоні з 8 па 10 клас. У школе ў Смаргоні ў нас быў гурток з 8-га класа, мы выдавалі свой рукапісны часопіс па-беларуску, я там пісаў вершыкі і апавяданні. Спачатку выданне называлася “Мой родны край”, а пазней – “Росквіт”. Я там 3 гады правучыўся. А тады адразу ў 1951 годзе пайшоў у БДУ на філалагічны факультэт, бо любіў літаратуру, гісторыю любіў. Гэта мае прадметы. Сваё было гэта. Студэнтам я запісаў ад маці цэлы сшытак народных песень, каляндарна-абрадавых і вясельных.
Усё, што бачыў і чуў у дзяцінстве, так ці іначай паўплывала на мяне. І народныя песні, і размовы пра грамадскі рух 20-ых гадоў займалі мяне доўгія гады. Гэта зарыентавала, калі я пайшоў у аспірантуру ў 1959 годзе займацца перыядам Заходняй Беларусі. Адзінай складанасцю падчас працы з гэтым перыядам было тое, што не ўсе імёны былі рэабілітаваныя. Часта ўпіраўся ў забароненую зону. Часам даводзілася прыбягаць да так званай фігуры замоўчвання нечага. Ці ў падтэксце нешта сказаць. Вельмі захапіла работа над аналітычнымі партрэтамі прадстаўнікоў беларускай навуковай, мастацкай і грамадска-палітычнай інтэлігенцыі (кнігі “Браніслаў Тарашкевіч” 1966 года, “Мікола Шчакаціхін” 1968 года, “Пётра Сергіевіч” 1970 года, “Пякучай маланкі след” пра мастака Горыда 1981 года выдання, “Вечны вандроўнік” пра мастака Язэпа Драздовіча 1984 года выдання, “Песня ў спадчыну” 1989 года, “Цяжкая дарога свабоды” 1994 года, “Gloria victis” 2010 года, “Выбранае” 2012 года). 
З Пётрам Сергіевічам я нават пасябраваў, калі працаваў над кнігай пра яго. Ён напісаў мой партрэт. А падчас майго дзяцінства да нас заходзіў мастак Павел Южык. У мяне да гэтага часу ёсць яго карціны, некаторыя здаў у Нацыянальны музей. А асноўная спадчына мастака Паўла Южыка захоўваецца ў Смаргонскім краязнаўчым музеі. Нешта не вярнуў пасля выстаўкі ў Маладзечне тагачасны кіраўнік дома народнай творчасці, наезны з Расіі Т. Носаў.
І ў Акадэміі навук з 1962 года, працуючы спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, а з 1965 года, калі абараніў кандыдацкую, і старшым навуковым супрацоўнікам (пазней стаў і вядучым навуковым супрацоўнікам, абараніў доктарскую), давялося паездзіць у экспедыцыі, запісвалі песні. Падрыхтавалі цэлы шэраг выданняў “Беларуская народная творчасць” (БНТ). Маці нямала запісаў, ёсць ад яе запісанае ў жніўным, ёсць і ў вясельным тамах БНТ. Кожнае лета выбіраліся ў які-небудзь раён. Раскідаліся па раёне некалькімі групамі і рабілі запісы розных жанраў фальклору. 70-ыя гады для даследчыкаў былі актыўныя: яшчэ натуральна жыла спадчына ў народзе. Асабліва на Падзвінні. Помню на Купалле я ў гаспадара спыніўся, у якога быў матацыклет. І вось мы ад аднаго вогнішча да другога пад’едзем. І дрэвы да кастра пастаўлены ракетай. І адна група дзяўчат насупраць другой спявае. Там глядзіш – касцёр, там – касцёр. Паехалі далей. Цэлую ноч пісалі.
Плёнам маёй працы сталі 4 манаграфіі па беларускім каляндарна-абрадавым фальклоры “Купальскія песні” 1974 года, “Валачобныя песні” 1989 года, “Жніўныя песні” 1993 года, “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў. Эстэтычны аспект” 1998 года. Цаню, што паўдзельнічаў у стварэнні шасцітомнага тэарэтычнага даследавання “Беларускі фальклор: віды, жанры, паэтыка”, што выдавалася з 2001 па 2008 гг.
За падрыхтоўку серыі “Беларуская народная творчасць” (БНТ) у 1986 мы, акадэмічныя фалькларысты, атрымалі дзяржаўную прэмію. А ў 1994-ым за кнігу “Цяжкая дарога свабоды” мне была прысвоена літаратурная прэмія імя Максіма Гарэцкага. Кніга, дарэчы, змяшчае мой вялікі нарыс “Браты Гарэцкія” пра пісьменніка і яго брата акадэміка геолага.
Мне пашчасціла быць знаёмым з акадэмікам Гаўрылам Гарэцкім, народным артыстам Рыгорам Шырмам, гісторыкам Мікалаем Улашчыкам, культурнай дзяячкай Зоськай Верас, педагогам і аўтаркай кнігі “Беларуская граматка” Алесяй Смоліч… Моцная была наша старая інтэлігенцыя. Надавала веру, што Беларусь не згіне, адродзіцца ў новых пакаленнях.
Біяграфічныя звесткі
Арсень Ліс (4.02.1934, вёска Вётхава Смаргонскага раёна, Гродзенскай вобласці) — навуковец, літаратар, доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў. 
Аўтар аналітычных партрэтаў прадстаўнікоў беларускай навуковай, мастацкай і грамадска-палітычнай інтэлігенцыі (кнігі “Браніслаў Тарашкевіч” (1966), “Мікола Шчакаціхін” (1968), “Пётра Сергіевіч” (1970), “Пякучай маланкі след” (1981), “Вечны вандроўнік” (1984), “Песня — у спадчыну” (1989), “Цяжкая дарога свабоды” (1994), “Gloria Victis” (2010), “Выбранае” (2012)).
А. Лісу належыць аўтарства чатырох манаграфій на беларускім каляндарна-абрадавым фальклоры: “Купальскія песні” (1977), “Валачобныя песні” (1989), “Жніўныя песні” (1993), “Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў. Эстэтычны аспект” (1998). А. Ліс – суаўтар падручнікаў для ВНУ па курсу беларускага фальклору і мастацкай літаратуры. Удзельнік шасцітомнага тэарэтычнага даследавання “Беларускі фальклор: віды, жанры, паэтыка” (2001–2008). Суаўтар шасці сцэнарыяў дакументальных фільмаў: “Песня на ўсё жыццё”, “Прысады Максіма Гарэцкага”, “Зямля Тарашкевіча”, “Аркадзь Смоліч”, “Дзядзька Уласаў”, “Адвечныя званы”.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за падрыхтоўку і выданне акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць” (1986), лаўрэат літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага за кнігу “Цяжкая дарога свабоды”.

Успаміны Арсеня Ліса, надрукаваныя ў "Новым часе", можна прачытаць тут