Бабруйск: напалі на Вячаслава Шэлега

У Бабруйску напалі на сябра аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вячаслава Шэлега. Ён бацька шаснаццацігадовай Наталлі Шэлег, якую 27 ліпеня невядомыя выкралі і збілі.



sheleg.jpg

Вячаслаў Шэлег

Як паведаміў актывіст, інцыдэнт адбыўся ля Ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. З ягоных слоў, невядомы спачатку спрабаваў пашкодзіць машыну, а потым напаў на самога Вячаслава.


У будынку Упраўлення месціцца міжраённы аддзел Следчага камітэту, куды, як кажа спадар Шэлег, на допыт у справе збіцця дачкі выклікалі жонку Марыю. За ёй ён і прыехаў. У спадарыні Марыі другая група інваліднасці, і ёй цяжка хадзіць.
Спадар Шэлег кажа, што парушыў правілы дарожнага руху, калі заехаў на міліцэйскую паркоўку, на якой не было машын і якая недалёка ад будынку міліцыі. На паркоўцы інцыдэнт і адбыўся.
«Невядомы ў шортах і майцы кінуўся на мяне з кулакамі. Пачаў біць па шкле. Пасля таго, як я выйшаў з машыны, ён з крыкам кінуўся на мяне. Хапаў за вопратку і ламаў мне рукі. У мяне цяпер пабоі, на руках — сінякі. Я еду ў траўмапункт іх фіксаваць. Ён зваў іншых супрацоўнікаў, каб яны мяне завалаклі ў будынак. Ён крычаў, што і ён міліцыя. Потым схаваўся ў будынку ўпраўлення. Міліцыя бяздзейнічала. Пазней прыехалі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол парушэння. Так, я парушыў правілы, але толькі дзеля таго, каб забраць жонку-інваліда», — апавядае пра здарэнне Вячаслаў Шэлег.
Дзяжурны Упраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму па тэлефоне адмовіўся гаварыць з журналістам.
На месца інцыдэнту пад’ехаў бабруйскі журналіст Дзмітры Растаеў. Ён пацвярджае, што ў Вячаслава Шэлега на руках сляды пабояў.

www.svaboda.org