Міліцыянты разагналі лагер нацболаў
«Падчас вобшуку міліцыянты і працаўнікі КДБ, якія пажадалі захаваць сваё інкогніта, размаўлялі выключна матам, ужывалі пагрозы, запалохванне і фізічную сілу», — гаворыцца ў паведамленні нацыянал-бальшавікоў.
Архіўнае фота belsat.eu
10 жніўня беларускія нацыянал-бальшавікі праводзілі спартыўна-палявыя зборы ў раёне Ваўчковіцкага вадасховішча ў Мінскім раёне. Неўзабаве лагер акружылі шэсць аўтамабіляў, з якіх выскачылі людзі ў міліцэйскай форме і ў цывільным.
Яны, не назваўшы сябе і не сказаўшы пра якія-небудзь законныя падставы, з ужываннем фізічнай сілы паклалі ўсіх удзельнікаў паходу на зямлю ў позе «тварам уніз, рукі за галаву».
Пры гэтым да нацболаў Дзяніса Сахара і няпоўнагадовага Аляксандра Палякова неабгрунтавана ўжылі спецсродкі: слезацечны газ і кайданкі.
Як вынікае з паведамлення нацболаў, працаўнікі праваахоўных органаў абшукалі заплечнікі, раскідаўшы ўсе асабістыя рэчы па паляне. Сканфіскавалі без унясення ў пратакол газеты, атрыбутыку і
пнеўматычную вінтоўку, якая — у свабодным грамадзянскім абароце.
Пасля гэтага 11 нацболаў адвезлі ў Ждановіцкае аддзяленне міліцыі, дзе ў дачыненні іх склалі пратаколы і на месцы вынеслі пастановы за «распіванне спіртных напояў у грамадскім
месцы».
Дзяніса Сахара этапавалі ў ІЧУ Мінскага раёну да суда, бо на яго склалі пратакол за супраціўленне міліцыі.
«Гэткая аблава — помста КДБ за нядаўна праведзеную акцыю супраць прызыўнога рабства, па выніках якой практычна нікога з нацболаў не атрымалася прыцягнуць да адміністратыўнай
адказнасці, бо пратаколы на іх склалі са шматлікімі парушэннямі заканадаўства», — лічаць у арганізацыі.