Беларускія мужчыны хочуць быць топ-менеджэрамі больш за жанчын
Хоць мужчыны ў Беларусі больш, чым жанчыны, хочуць стаць кіраўнікамі, у рэальнасці атрымліваецца наадварот.
Пра тое, што мужчыны больш мараць аб кіруючай працы сведчаць вынікі даследавання «Жыццё, сусвет і ўсё астатняе: каштоўнасныя ўстаноўкі беларусаў», прадстаўленага ў рамках прэзентацыі «KEF 2018: Беларусь у дзівосным новым свеце».
Згодна з вынікамі праведзеных па ініцыятыве Даследчага цэнтра ІПМ апытання, 34,7% беларускіх мужчын хацелі б стаць топ-мэнэджарамі, тады як кіраўнікамі марылі б стаць 32,3% жанчын. У той жа час 65,1% жанчын і 62,7% мужчын не хацелі б выконваць кіруючыя функцыі.
Цікава, што 2,7% апытаных жанчын і 2,6% мужчын заявілі, што яны ўжо топ-менеджэры. Прадстаўляючы вынікі даследавання сацыёлаг ІЦ ІПМ Дар'я Урбан выказала меркаванне, што розныя людзі могуць укладваць у паняцце «топ-менеджэр» розны сэнс.
Усяго ў апытанні, якое праводзілася ў траўні 2018 года, прыняло ўдзел 1016 чалавек.
Паводле thinktanks.by