Беларусы і расіяне не змогуць вучыцца на тэхнічных факультэтах у ВНУ Чэхіі
Беларускія і расійскія студэнты з гэтага часу не змогуць навучацца па тэхнічных спецыяльнасцях у чэшскіх універсітэтах.
Тыя студэнты, хто ўжо паступіў і вучацца, павінныя будуць спыніць вучобу або змяніць прадмет. Такое рашэнне прыняло Міністэрства адукацыі Чэхіі.
Гэты крок зроблены ў рамках санкцый, якія ЕС увёў у дачыненні да Расіі і Беларусі ў адказ на вайну супраць Украіны. У чэшскім Мінадукацыі нагадалі, што ўведзеныя санкцыі забараняюць прадастаўленне тэхнічнай дапамогі фізічным і юрыдычным асобам і арганізацыям з пералічаных краін. А "прадастаўленне вышэйшай адукацыі і падтрымка прыкладных даследаванняў, сярод іншага, могуць лічыцца тэхнічнай дапамогай", — патлумачыла намесніца міністра адукацыі Радка Вільдава ў лісце чэшскім універсітэтам.
Варта адзначыць, што ўніверсітэты ў Чэхіі маюць пэўную акадэмічную аўтаномію. У гэтай сувязі міністэрства адукацыі можа толькі рэкамендаваць, з якіх курсаў адлічыць беларускіх і расійскіх студэнтаў. Але Радка Вільдава нагадала ВНУ, што яны "рызыкуюць страціць свой міжнародны аўтарытэт", калі не будуць выконваць санкцыі. Цытату прыводзіць рэсурс Aktuálně.cz.
У ВНУ Чэхіі па стане на травень 2022 года вучылася каля 700 беларусаў. Тэма стаўлення да беларускіх студэнтаў у чэшскіх ВНУ абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы Святланы Ціханоўскай у Мінадукацыі краіны. Чэшскі міністр Пётр Газдзік тады запэўніў Ціханоўскую, што беларускіх студэнтаў не будуць адлічваць за грамадзянства і для іх будуць адкрытыя ўсе спецыяльнасці.
Паводле «Еўрарадыё»