Беларускі фанат: На ўкраінскай мяжы — пазітыў і смех, на беларускай — грабавое маўчаньне
Як беларускія заўзятары вярталіся ў Беларусь пасля матчу нацыянальных зборных Беларусі і Украіны ў Львове.
Беларусы, якія вярталіся ў нядзелю з матчу «Украіна–Беларусь», што адбыўся ў Львове, заўважылі на мяжы вайскоўцаў у поўнай баявой амуніцыі з маскамі і аўтаматамі.
Паводле інфармацыі відавочцаў, беларускія памежнікі ды мытнікі таксама больш старанна правяралі цягнікі з Украіны, мужчын распытвалі, ці не заўзятары яны, ды перапісвалі іх дадзеныя ў нейкія спісы.
"Радыё Свабода" распытала заўзятараў, якім чынам яны вярталіся ў Беларусь і ці мелі праблемы на мяжы.
Беларускія заўзятары на матчы з Украінай
Заўзятар Васіль ехаў са Львова ў адным з аўтобусаў, поўных футбольных фанатаў. Ён кажа, што падчас праходжання мяжы ў пункце «Макраны» не заўважыў нічога незвычайнага:
«Стаялі доўга на мяжы, у нас ехала цэлая калона з некалькіх аўтобусаў з заўзятарамі. Але ніякіх праблемаў, нічога незвычайнага мы не заўважылі. Ніхто нас не перапісваў, ніхто асабістыя рэчы нейкім незвычайным чынам не правяраў. Добра даехалі».
Заўзятар Зміцер вяртаўся са Львова цягніком «Львоў—Магілёў». Хлопец сцвярджае, што візуальна тры чвэрці пасажыраў цягніка складалі наведнікі матчу. Гэта пры тым, што да цягніка далучылі два дадатковыя вагоны. Зміцер прызнаўся, што чуў пра праблемы ў некаторых фанатаў, але гэта тычыцца тых, хто паехаў са Львова раней, не дачакаўшыся цягніка.
«Мы ехалі на цягніку „Львоў–Магілёў“. Але некаторыя людзі паехалі раней, на перакладных. І насамрэч была інфармацыя, што іх неяк вельмі пільна правяралі, магчыма, кагосьці нават знялі з транспарта. Былі такія чуткі. Хутчэй за ўсё, яны трохі буянілі, таму што ў цягніку, якім вярталася вялікая колькасць заўзятараў, нічога незвычайнага не было. З улікам дадатковых вагонаў было заўважна, што мытнікі спяшаліся падчас праверкі: забеглі, хуценька паглядзелі, ні да каго не чапляліся, нават не правяралі асабістыя рэчы».
Заўзятар Андрэй таксама вяртаўся з матчу цягніком «Львоў–Магілёў». Ён заўважыў, што падчас кантролю памежнікаў суправаджалі людзі ў цывільным, але ніякіх дзеянняў у дачыненні да заўзятараў яны не рабілі:
«Побач з памежнікамі былі людзі ў цывільным, нават канкрэтна ў спартовай вопратцы. Але яны нічога нам не рабілі. Калі праходзілі ўкраінскі кантроль — пазітыў і весялосць, калі беларускі — грабавое маўчанне і цішыня. Кажуць, што на беларускім баку на вуліцы былі моцна ўзброеныя людзі ў масках і з аўтаматамі. Але ж гэта мяжа, там гэта можа быць стандартнай рэччу. У вагоны гэтыя людзі не заходзілі».
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пацвярджае, што ў памежных пунктах, празь якія ехалі беларускія заўзятатары, было надзвычайнае становішча — менавіта таму там дзяжурылі ўзброеныя супрацоўнікі праваахоўных органаў:
«Мяжа з Украінай ўзмоцненая. А спартовыя мерапрыемствы, якія суправаджаюцца масавым рухам фанатаў і ўльтрас заўсёды забяспечваліся па поўнай праграме з пункту гледжання бяспекі. Таму экіпіяваныя адпаведным чынам супрацоўнікі праваахоўных органаў —цалкам лагічная карціна не толькі на маршрутах перамяшчэння фанатаў (станцыі, вуліцы, плошчы), але і ў месцах іх вялікай канцэнтрацыі (стадыёны)».