Беларускія правайдары пачалі блакіроўку «Хартыі-97» і «Беларускага партызана»

Сайты Charter97.org і Belaruspartisan.org унесеныя ў «чорны спіс» БелДІЭ.



cenzura_u_internecie.jpg

Сайты «Беларускага партызана» і «Хартыі-97» паведамілі аб блакаваннях праз некаторых беларускіх правайдараў.
Як паведамляе «Хартыя», яе блакуюць «Дзелавая сець», IP Telecom, ADSL.BY і «Гарант», а таксама мабільны аператар Life:). «Партызан» кажа аб блакіроўцы «некаторымі правайдарамі».
Карыстальнік, як трапляе на заблакаваны сайт, бачыць паведамленне: «Доступ да рэсурсу заблакаваны на падставе Пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь №6 / 8 ад 19 лютага 2015 года».
Тым часам чытачы паведамляюць, што згаданыя сайты адкрываюцца праз Life:) і ADSL.by. Але праз ADSL.by не адкрываецца сайт праваабарончага цэнтру «Вясна-96».
У тэхпадтрымцы «Дзелавой сеці» і ADSL.by прызналі блакіроўкі. Прэс-служба Life:) пакуль не ўпэўненая ў сітуацыі, але паабяцала ў хуткім часе выдаць прэс-рэліз адносна блакіровак.
Начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналогій БелДІЭ мае выйсці на сувязь толькі пасля абеду. Кіраўнік упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі не выходзіць на сувязь.
Нагадаем, сайты некаторых незалежных выданняў блакаваліся падчас крызісу снежня 2014 года, але ў гэтым годзе не блакаваліся 25 сакавіка, на Дзень Волі.
nn.by