Брэсцкія пагранічнікі знайшлі цыгарэты ў цыстэрне з гарачым воскам
Кантрабандныя цыгарэты ў чыгуначнай цыстэрне з гарачым воскам знайшлі брэсцкія пагранічнікі.
25 снежня пры праверцы грузавога цягніка, які рухаўся ў Польшчу, супрацоўнікі аддзялення пагранічнага кантролю "Буг" на вечцы заліўной гарлавіны адной з цыстэрнаў знайшлі прыкметы несанкцыянаванага адкрывання і паўторнага выкарыстання пломбы. Праверка паказала, што на паверхні застылага воску бачна невялікая частка кардоннай каробкі, якая абгорнута цэлафанам. Унутры каробкі былі выяўлены цыгарэты маркі "Фэст" з беларускай акцызнай маркай.
Цыстэрна перададзена супрацоўнікам Брэсцкай мытні для далейшай канфіскацыі тытунёвых вырабаў.
"Далёка не ў навіну для брэсцкіх пагранічнікаў стала выяўленне па-майстэрску схаваных у чыгуначных вагонах розных партыі тытунёвых вырабаў, а вось спосабы іх утойвання для незаконнага перамяшчэння праз мяжу часам уражваюць", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Дзяржынскага.
Паводле: БЕЛАПАН