«Бульбаш-хол» перанясуць у іншае месца?

Чыноўнікі не выключаюць, што будаўніцтва «Бульбаш-холу» будзе перанесена далей ад Курапатаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Мінскага аблвыканкама Сяргея Трусава каардынатару грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганне Шапуцька.



ex_bulbash_hall1.jpg

Аўтар адказу паведаміў, што згодна заключанай з Мінаблвыканкамам у 2010 годзе інвестыцыйнай дамовы і ўзгодненага архітэктурнага праекту СТАА “БелРэстІнвест” ажыццяўляе будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу на 51 кіламетры Мінскай кальцавой аўтадарогі. Разам з тым, у парушэнне патрабаванняў артыкулу 37 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны забудоўшчык не атрымаў дазволу Міністэрства культуры на правядзенне наукова-даследчых, праектных і рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, у сувязі з чым будаўніцтва “Бульбаш-холу” прыпынена, адзначаецца ў адказе.

28 снежня 2012 году прынятае рашэнне пра неабходнасць распрацоўкі праекта дэталёвага планавання тэрыторыі, якая мае адносіны да гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, з устанаўленнем “дакладных межаў” помніка і яго ахоўных зонаў, у тым ліку — зоны рэгулюемай забудовы. Прычым, заказчыкам праекта выступіла КУП “УКБ-Стройінвест” Мінскага раёна, якое зараз вядзе перамовы з УП “Мінскграда” наконт заключэння дамовы на распрацоўку праекту, а яго фінансаванне ўзяў на сябе “БелРэстІнвест”.

“Канчатковае рашэнне аб узнаўленні будаўніцтва, ці аб пераносе аб’екту ў іншае месца будзе прынятае пасля распрацоўкі і зацвярджэння праекту”, — падкрэсліваецца ў адказе.

Да зацвярджэння праект будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне ў адпаведнасці з адпаведным палажэннем.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль Акушэвіч паведаміў Ганне Шапуцька, што арганізатарам грамадскага абмеркавання вызначаны Мінскі райвыканкам. Не менш як за 10 дзён да пачатку правядзення грамадскага абмеркавання праекту паведамленне пра яго рэгламент (час, месца, парадак і тэрміны) будзе апублікавана ў раённай газеце “Прысталічча” і размешчана на сайце Мінрайвыканкама (mrik.gov.by). У склад камісіі па правядзенню грамадскага абмеркавання будуць уключаны, у тым ліку, прадстаўнікі заказчыка і распрацоўшчыка праекту, а таксама Мінрайвыканкама.

Разам з тым, Анатоль Акушэвіч адзначыў, што пад час правядзення грамадскага абмеркавання яго ўдзельнікі маюць права накіроўваць у Мінрайвыканкам пісьмовыя заўвагі і прапановы, за кошт уласных сродкаў праводзіць прафесійную незалежную экспертызу праекта, вынікі якой накіроўваюцца ў орган дзяржаўнай экспертызы.

З гэтымі лістамі Шапуцька пазнаёміла сябраў грамадскай ініцыятывы пад час яе чарговага пасяджэння, якое адбылося ў Мінску вечарам 13 сакавіка.

Сярод пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэнні, — зацвярджэнне складу рабочай групы па падрыхтоўцы ва ўрочышчы талакі, прысвечанай 25-годдзю адкрыцця Курапатаў. У рабочую групу ўвайшлі былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскага, былы абаронца народнага мемарыялу пад час кругласуткавай маладзёвай вахты памяці з 24 верасня 2001 году па 3 чэрвеня 2002 году Васіль Парфянкоў, адзін з першаадкрывальнікаў месца згубы ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы археолаг Мікола Крывальцэвіч, мастакі Алесь Цыркуноў і Анатоль Кузняцоў.  

Была падтрымана прапанова каардынатара праекту “Пакаянне” аргкамітэту па стварэнні партыі “БХД” Валерыі Чарнаморцавай аб удзеле ініцыятывы ў грамадскім фэсце экскурсаводаў (20-21.04) з уключэннем у яго праграму экскурсіі па Курапатах.