Цыганкоў: «Усё было нездарма» vs «нават гадзіну ў турме правесці нельга — гэта растленне»

Мы жывем у свеце праслаўленьня пакутаў. У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына, піша журналіст Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграме, большасьць не гатовая прыняць бескампрамісную пазіцыю Шаламава: "Перакананы, што лагер — увесь — адмоўная школа. Нікому ніколі нічога станоўчага лагер не даў і не мог даць". Мы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасці мы шукаем надзею і ўрок.

_smutak_bol_reczaisnasc_vajna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Калі пішуцца біяграфіі “вялікіх людзей”, галоўны ўціск робіцца на тое, што наш герой пераадолеў, праз якія цяжкасьці прайшоў і якіх маральных сілаў яму гэта ўсё каштавала. Любы піяршчык ведае, што інтэрвію зоркі павінна зьмяшчаць абавязковую “недасканаласьць” героя, а таксама пэўную долю “драмы” і “пакутаў” – публіка гэта любіць, публіка не прыме гісторыю посьпеха без “пераадоленьня” нейкіх перашкодаў.

“Так же, как все, я по земле хожу”, — сьпявала Ала Пугачова, марна спрабуючы даказаць, што яе праблемы нічым не адрозьніваюцца ад турботаў “простых людзей”.

У заходніх універсітэтах падчас прыняцьця ў студэнты асаблівую ўвагу надаюць паходжаньню, расе, прыналежнасьцю да меншасьці абітурыента, лічыцца, што пэўныя катэгорыі апрыёры прыгнечаныя (нават незалежна ад сацыяльнага і матэрыяльнага статусу) і ім трэба даваць зялёнае сьвятло.

Мільёны амерыканцаў раптам пазнаходзілі ў сябе індзейскія карані. Забясьпечаныя дзеці з сярэдняга класу хутка прасяклі фішку і за адсутнасьцю рэальных жыцьцёвых бедаў гіпертрафіравана ўзвялічваюць пакутлівыя драмы з сямейнага жыцьця, адносінаў з сябрамі, хлопчыкамі-дзяўчынкамі ці бацькамі…

Я бачу гэта як варыянт падсьвядомага прабачэньня за свабоднае і заможнае жыцьцё. Няма праблемаў, дык мы іх створым. Толькі ня падумайце, што нам добра жывецца – “багатыя таксама плачуць”.

Зь адваротнага боку – шматвекавая расейская традыцыя абагаўленьня, узьнясеньня болю і пакутаў, метафізічнае рахметаўскае ляжаньне на цьвіках. Прытым яны ж не абмяжоўваюцца добраахвотным стварэньнем пакутаў для сябе, — яны ж ствараюць іх для іншых, бо ў іхнім разуменьні без пакутаў чалавек не чалавек, таму трэба іх забясьпечыць.

Мы не гатовыя прызнацца сабе, што штосьці ў нашым жыцьці было лішнім, непатрэбным, таму прыдумляем казачку пра “ўсё было нездарма”. Любую трагедыю, страту, зьняволеньне мы тлумачым тым, што “гэта дало мне новы жыцьцёвы вопыт”, “пасьля гэтага я вырас як асоба”, “я шмат зразумеў”. За гэтым забаўна было назіраць у арміі – падчас службы ўсе салдаты тэрміновай службы армію мацюкалі і ненавідзелі, а вярнуўшыся на гражданку, пачалі распавядаць, “як шмат мне армія дала і навучыла”.

Тое самае з турмой. У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына большасьць не гатовая прыняць бескампрамісную пазыцыю Шаламава: “Убежден, что лагерь — весь — отрицательная школа, даже час провести в нем нельзя — это час растления. Никому никогда ничего положительного лагерь не дал и не мог дать”.

Маральна гэта цяжка прыняць, прызнаць, што ў цябе забралі столькі часу жыцьця, таму былы вязень пачынае распавядаць, зь якімі добрымі людзьмі пазнаёміўся ў турме, колькі разумных кніжак прачытаў, колькі думак перадумаў. А без турмы ты кніжкі не чытаў, для гэтага абавязкова за краты?

Мы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасьці мы шукаем надзею і ўрок. Асабліва сёньня, калі людзей захапіла масавая псіхалогія “пазітыўчыка”.

Раптоўная заўчасная сьмерць прымушае нас казаць штосьці супакойваючае пра “яму там будзе лепей”, “Божанька так вырашыў – значыць так і трэба”. Бо мы ня хочам і не гатовыя прыняць ледзяны дотык бяды, змрочную і пранізлівую несправядлівасьць таго, што адбылося.

Турма, страты, хвароба, вайна, нават сьмерць – на ўсё ў нас гатовыя адгаворкі ў стылю “усё было недарма”, “гэта дало мне новы вопыт”, “навучыла мяне новаму”. Прызнаць праўду, што вайна, няшчасьці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў – гэта нам не пад сілу.