З дыджэям Улада Сакалоўскага, які ўключыў «Пераменаў» у Кіеўскім скверы, правялі ў МУС размову (дапоўнена)

Гукарэжысёра Улада Сакалоўскага, які нядаўна выйшаў з ЦІП на Акрэсціна, магчыма, зноў затрымалі. Ён паспеў паведаміць сваякам, што яго вязуць на вуліцу Гарадскі Вал, дзе знаходзіцца цэнтральны апарат МУС, паведамляе TUT.BY. Праз пару гадзін Сакалоўскага адпусцілі — аказалася, запрашалі на гутарку.

Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў ў Кіеўскім скверы. Фота: Алена Талкачова, TUT.BY

Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў ў Кіеўскім скверы. Фота: Алена Талкачова, TUT.BY

Інфармацыю пра затрыманне Улада Сакалоўскіага TUT.BY пацвердзіў яго адвакат Міхаіл Баднарчук. Каля 20.00 стала вядома, што Улада адпусцілі.

Пра сваё затрыманне Улад Сакалоўскі паведаміў сваякам каля гадзіны таму. Пакуль невядома, хто і чаму яго затрымаў. Паводле інфармацыі адваката, Улад знаходзіцца ў цэнтральным апараце МУС, аднак да кліента яго не пускаюць.

— Толькі сказалі, што хутка павінны адпусціць.

Інфармацыю аб затрыманні Улада таксама пацвердзіў яго калега Кірыл Галанаў, які таксама атрымаў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за песню «Пераменаў», якая прагучала 6 жніўня ў Кіеўскім скверы на дні адкрытых дзвярэй

— У 16.20 мы размаўлялі з Уладам па тэлефоне. Ён распавёў, што на заўтра яго выклікаюць у МУС, пытаўся, ці звязваліся са мной. Я адказаў, што мне ніхто не тэлефанаваў, — распавядае TUT.BY Кірыл Галанаў. — Літаральна праз дзве хвіліны набраў Улада яшчэ раз, ён сказаў: «Кірыл, мне звоняць у дзверы». І папрасіў звязацца з адвакатам. Яшчэ паспеў напісаць сваёй дзяўчыне: «Мяне забралі».

Вольга Чамаданава, афіцыйны прадстаўнік МУС, патлумачыла:

— Сакалоўскага запрасілі на гутарку, ён прыехаў з супрацоўнікамі МУС, яго ніхто не затрымліваў, — сказала Вольга Чамаданава. — У дачыненні да Сакалоўскага ніякіх крымінальных і адміністрацыйных працэсаў не вядзецца. З ім паразмаўлялі, і ён з'ехаў.

Паводле tut.by