Адзін з лідараў страйкаму «Беларуськалія» Дзмітрый Кудзялевіч пасля затрымання КДБ з'ехаў ва Украіну

Паводле кароткага відэа, апублікаванага страйкамам, 20 жніўня Кудзялевіч быў затрыманы спецслужбамі, перадае Радыё Свабода.

Пратэст у Салігорску, 17 жніўня 2020 года

Пратэст у Салігорску, 17 жніўня 2020 года

Адзін з лідараў страйкаму «Беларуськалія» Дзмітрый Кудзялевіч знік у першай палове дня 20 жніўня. Доўгі час яго месцазнаходжанне не было вядомае.
Позна ўвечары 20 жніўня Кудзялевіч пазваніў жонцы і паведаміў, што знаходзіцца ў бяспецы, аднак дадому так і не вярнуўся. Некаторыя падрабязнасці здарэння ён патлумачыў у кароткім відэароліку, апублікаваным раніцай 21 жніўня.


«Добры вечар, мае сябры, мае паплечнікі, — гаворыць Дзмітрый Кудзялевіч. — Адразу хачу падзякаваць вам за намаганні па пошуках мяне, за імгненную рэакцыю, за вашу падтрымку. Сёння насамрэч адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, які ўражвае сваёй беспрынцыпнасьцю і нахабнасцю. З 10 да 11 гадзінаў мне на тэлефон паступіў званок з просьбай прыехаць на сустрэчу для тлумачэння пазіцыі нашай Каардынацыйнай рады. Аднак мяне сустрэлі людзі далёка не дружалюбныя і далёка не аднадумцы. Выцягнуўшы з машыны яны пагрузілі мяне і завезлі на вядомую вуліцу Паркавую (адрас міжраённага ўпраўлення КДБ — РС)».
У роліку Дзмітрый Кудзялевіч таксама паведамляе, што спецслужбы вельмі пільна сочаць за ўсімі крокамі страйкамаў на «Беларуськаліі».
Па яго словах, у бліжэйшы час ён плануе вярнуцца да працы ў страйкаме.
Раніцай 21 жніўня ў Салігорску адбыўся чарговы сход страйкаму «Беларуськалія». Забастоўка аб’яўлена бестэрміновай. У ёй, паводле інфармацыі страйкама, у розных формах прымаюць удзел некалькі тысяч чалавек.
Як стала вядома Свабодзе, цяпер Дзмітрый Кудзялевіч знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў страйкаме «Беларуськалія».