Дзень Волі па ўсім свеце! Дзе беларусы збіраюцца святкаваць

У сеціве з’явілася інфармацыя пра час і месцы святкавання Дня Волі. Сайт bnr106.info сабраў звесткі пра больш за 60 акцый, канцэртаў і сустрэчаў, прымеркаваных да 106-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

photo_2024_03_18_17_35_17.jpg

Ужо вядома, што акцыі пройдуць больш чым у 20 гарадах свету. Сярод іх Вільня, Варшава, Кракаў, Тбілісі і шмат-шмат іншых.

«Дзень Волі — адзін з найважнейшых дзён беларускай гісторыі. 106 гадоў таму ў гэты дзень была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) – першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў і беларусак», — гаворыцца ў паведамленні.

«Мы ў гэты дзень упершыню на ўвесь свет заявілі: мы ёсць, у нас ёсць свая зямля і права будаваць сваю будучыню. Дзякуючы БНР стала магчымым стварэнне БССР, а пасля і абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца на сайце.

Каманда БНР100 анасавала «вялікае анлайн-мерапрыемства», каб «адсвяткаваць Дзень Волі разам з роднымі, сябрамі і блізкімі».

Трансляцыю пройдзе на ютуб-канале «Годна», пачатак а 19:00 па Мінску 25 сакавіка.

«Анлайн-святкаванне будзе складацца з двух блокаў: музычны і інфармацыйны. Для вас выступяць гурты J:МОРС, NAVIBAND, DLINA VOLNY, NOCHY, DZIECIUKI і VOLSKI. Весці святкаванне будуць прадстаўніца каманды «Годна», папулярная беларуская блогерка Ліза Ветрава і Дзяніс Дудзінскі — тэлевядоўца і шоумен», — распавядаюць арганізатары.

«У інфармацыйным блоку нашыя эксперты і эксперткі абмяркуюць падзеі 1918 года і іх значэнне для сучаснай Беларусі. Разам з вамі мы паразважаем пра гісторыю, сучасную культуру і будучыню, пра якую марым», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Анансуецца «насычаны інтэрактыўны эфір на ўвесь вечар» — «будзе магчымасць ананімна і бяспечна пагутарыць з гасцямі шоу і прывітаць землякоў».

Таксама абвешчаны збор на арганізацыю святкавання, паўдзельнічаць можна па спасылцы.


Глядзіце таксама

У афлайн-фармаце 24 сакавіка ў Варшаве адбудзецца марш і мітынг-канцэрт. Пачатак акцыі а 14:00 на плошчы Трох крыжоў, фінал — канцэрт на Замкавым пляцы з удзелам Піта Паўлава, гуртоў «Dzieciuki», «The Superbullz», «Atesta», «Belarusian Truestory» і іншых.

Іншыя імпрэзы пачнуць адбывацца з 19 сакавіка і пройдуць у розных гарадах свету — Уроцлаве, Беластоку, Зялёнай Гуры, Кракаве, Быдгашчы, Гданьску, Варшаве (акрамя галоўнага мерыпраемства), Познані, Вільні, Коўне, Празе, Брусэлі, Лондане, Рызе, Таронта, Нью-Ёрку, Філадэльфіі, Чыкага, Бостане, Эдмантане, Атаве, Браціславе, Кёльне, Розвілі (Каліфорнія), Таліне, Тбілісі. Гэта спіс няпоўны і будзе папаўняцца з набліжэннем 25 сакавіка.

Падрабязнасці, расклад і час акцый можна паглядзець на анлайн-мапе на сайце bnr106.info.

Адкрыта адзначыць Дзень Волі ў Беларусі цяпер немагчыма. За гэта пагражае палітычны пераслед.