ФПБ патрабуе перагледзець пастанову ўрада, якая тычыцца выплат па бальнічных лістах
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) будзе дамагацца ўнясення зменаў у пастанову ўрада, якая тычыцца выплат па бальнічных лістах. Пра гэта заявіў старшыня прафсаюзнага
аб'яднання Леанід Козік журналістам 25 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
"Сёння ёсць шэраг пытанняў, якія выклікаюць у нас і ў грамадстве насцярожанасць і ў некаторых выпадках неразуменне. Гэта тычыцца пастановы ўрада пра аплату бальнічных лістоў. З якой прычыны ўрад шэсць дзён, па якіх аплачваецца 80% ад заработнай платы, павялічыў да 12 дзён? Што такое здарылася ў нас, каб забіраць у працоўнага частку яго заробку? Што здарылася, калі раней бальнічны ліст аплачваўся з разліку двухмесячнай заработнай платай, а зараз з шасці?" — сказаў Козік. На яго думку, гэта ўшчамляе правы тых, хто працуе менш за шэсць месяцаў. "За што ён будзе жыць, калі, згодна з нашымі падлікамі, ён будзе атрымліваць усяго толькі 46 тысяч?" — абурыўся кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра.
Козіка таксама абурыла, што гэтае рашэнне ўрада не ўзгаднялася з прафсаюзамі. "Гэта з'яўляецца прамым парушэннем указа прэзідэнта краіны аб развіцці
сацыяльнага партнёрства, дзе сказана, што любыя дакументы, нарматыўныя акты, якія тычацца сацыяльна-эканамічных правоў працоўных, павінны ўзгадняцца з намі", — падкрэсліў
ён.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, які браў удзел у пасяджэнні савета, заявіў, што ўрад мае намер прыслухацца да пазіцыі прафсаюзаў. "Да 2 жніўня мы павінны правесці кансультацыі і або прыпыніць, або змяніць гэтую пастанову", — сказаў ён. Паводле слоў Сямашкі, пытанне з бальнічнымі неабходна вырашыць да таго часу, як урад завершыць працу над праектам закона аб бюджэце на 2014 год.