Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай эўрапейскасці
Беларускі Калегіюм запрашае студэнтаў, выпускнікоў,
выкладчыкаў і сяброў супольнасці да ўдзелу ў Летняй школе 2017 — 2-3 верасня.
У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў беларускай друкаванай кнізе, беларускай Бібліі і, па вялікім рахунку, беларускай культурнай ідэнтычнасьці.
Францішак Скарына ўвёў беларускую культуру ў чацвёрку першых, што здабылі друкаваную перакладную Бібліі да пачатку еўрапейскай Рэфармацыі. Рэфармацыя падштурхнула народы Еўропы да самаасэнсавання і спрычынілася да фармавання новых нацыянальных культур і ў выніку да нацыянальных дзяржаў. У 16 стагоддзі Беларусь была ў самым віры еўрапейскіх рухаў, а часам апыналася на самым фронце інтэлектуальных, культурных і палітычных падзей.
Што далі тыя працэсы нашай краіне з сёняшняга пункту гледжання?
Як паўплывала на беларускае мысленне і фармаванне культурнай прасторы перарванасць еўрапейскай тоеснасці беларусаў?
У якіх інтэлектуальных і культурных кантэкстах знаходзіць сябе цяперашняя беларуская супольнасць?
Што адбываецца ў Беларускай інтэлектуальнай прасторы?
Як можа фармавацца сучасная беларуская ідэнтычнасць?
У якой ступені на гэты працэс робяць (ці мусяць рабіць) уплыў, з аднаго боку, асэнсаванне сваіх здабыткаў і, з другога боку, памкненне інтэгравацца ў сучасны зменены свет?
Дзеля абмеркаваньня гэтых пытанняў прапануецца тэма Летняй школы: «Францішак Скарына і перарваная традыцыя беларускай эўрапейскасці».
У Школе праца будзе адбывацца ў некалькіх фарматах:
- Выступы вядомых беларускіх інтэлектуалаў, творцаў і мэдыя-асобаў з развагамі на вострыя тэмы беларускай гісторыі, культуры, пісьменства, адукацыі, палітычнай думкі ды інш.
- Студэнцкая канферэнцыя, да ўдзелу ў якой запрашаюцца слухачы ўсіх аддзяленняў Беларускага Калегіюму. На абмеркаванне выносіцца праблема зменаў беларускай ідэнтычнасці ў яе гістарычным, культурным, сацыялагічным, камунікатыўна-інфармацыйным ды інш. аспектах. Канферэнцыя дасць магчымасць паглыблена абмеркаваць канцэптуальныя (і не толькі) пытанні, важныя для маладых беларускіх творцаў і інтэлектуалаў.
- Культурная праграма, нефармальныя камунікацыі і добры супольны адпачынак ў спрыяльнай атмасфэры.
Да ўдзелу ў Школе запрашаюцца студэнты, выпускнікі, выкладчыкі Беларускага Калегіюму, а таксама сябры супольнасці і сябры сяброў!
Летняя школа адбудзецца ў суботў і нядзелю 2–3 верасня ў прывабнай мясцовасці на Глыбоччыне.
Пражыванне ў камфортных дамках з усімі выгодамі.
Заяўкі на ўдзел у Школе і тэмы дакладаў можна дасылаць на адрас: info@belcollegium.org
Тэрмін падачы заявак — да 12 жніўня.
Валанцёрская дапамога вітаецца.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся на info@belcollegium.org