Германія: аб’яднацца за беларускіх палітвязняў

Кіраўнік СДПГ Зігмар Габрыэль накіраваў ліст А. Лукашэнку. Ён настойліва заклікаў даць доступ урачам, родным і адвакатам да палітвязняў. А ў Бундэстагу зараз вядуцца перамовы, каб выступіць з адзінай пазіцыяй наконт сітуацыі ў Беларусі.  



4f8bc5ac1dc2b49434efe9e72f183de8.jpg

Кіраўнік СДПГ Зігмар Габрыэль накіраваў ліст А. Лукашэнку. Ён настойліва заклікаў даць доступ урачам, родным і адвакатам да палітвязняў. А ў Бундэстагу зараз вядуцца перамовы, каб выступіць з адзінай пазіцыяй наконт сітуацыі ў Беларусі.

“Паклапаціцеся пра тое, каб былі забяспечаны асноўныя правы чалавека і працэсуальныя правы абвінавачаных", — адзначыў у звароце да Лукашэнкі спадар Габрыэль."Дайце нам і іншым міжнародным назіральнікам магчымасць наведвання апазіцыянераў у турмах, — дадаў ён.

На днях ў Мінску знаходзілася дэлегацыя Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. Яна звярнулася да “кампетэнтных органаў улады з запытам на атрыманне дазволу, каб наведаць вязняў. “У чым ёй, на жаль, было адмоўлена, — зазначыў у пасланні старшыня партыі. — Мы вельмі занепакоены, маючы апаскі, што здароўе некаторых зняволеных знаходзіцца ў вельмі крытычным стане. Напрыклад, як нам вядома, на працягу доўгага часу старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч праводзіць галадоўку.

Кіраўнік СДПГ нагадаў Лукашэнку пра свой зварот да яго 22 снежня 2010 года. І пра заклік вызваліць апазіцыянераў, арыштаваных у сувязі з падзеямі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Зігмар Габрыэль падкрэсліў, што правы зняволеных з’яўляюцца абавязковай часткай міжнароднага права. А таксама зафіксаваныя ў дамовах на ўзроўні ААН і ў шматлікіх рэгіянальных дамоўленасцях. “І дзеянне гэтых правоў, між іншым, у поўным аб’ёме распаўсюджваецца і на вашу краіну, — падкрэсліў нямецкі палітык. Аднак, паводле яго словаў, з пачуццём глыбокага жалю "міжнародная супольнасць назірае за тым, як у Беларусі парушаюцца асноўныя правы чалавека". Напрыканцы ён зазначыў, што СДПГ гатовая ў любы момант і вельмі хутка зноў накіраваць ў Мінск дэлегацыю “з мэтай наведвання зняволеных.

Інфармацыйнае агенцтва DPA паведаміла пра зварот за дапамогай дачкі Мікалая Статкевіча, Кацярыны, якая жыве ў Германіі. “Я вельмі асцерагаюся за яго жыццё. Я прашу Германію і Еўропу зрабіць усё магчымае, каб выратаваць бацьку і іншых сябраў апазіцыі, — сказала яна. Нямецкае агенцтва паведамляе, што Мікалай Статкевіч трымае галадоўку больш за 20 дзён. А з адвакатам ён не бачыўся з канца снежня.

“Прыкладаюцца таксама намаганні, каб усе бакі ў нямецкім Бундэстагу на наступным тыдні выступілі ў адзінстве, каб аказаць ціск на Мінск, — інфармуе DPA. І зазначае, што Еўрапейскі парламент таксама плануе разгледзець гэта пытанне. Старшыня групы сацыялістаў у Еўрапарламенце Марцін Шульц заявіў, што Еўропа не будзе мірыцца з сітуацыяй наконт зняволення беларускіх апазіцыянераў, і яна асцерагаецца за іх жыццё. “Пры неабходнасці, санкцыі павінны быць накладзены на Беларусь, — сказаў ён.