«Галоўнае, каб у момант перамен лідары думак, уладная эліта добра разумелі, што мова — гэта вельмі важна»
Былы кандыдат у прэзідэнты, а цяпер — стваральнік Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч расказвае пра сваю ўстанову і пра важнасць адукацыі для беларусаў. Прынамсі, для тых, хто за мяжой, гэта выдатны шанец набыць новыя веды.
«Беларусы, якія прагнуць набыць сучасныя кампетэнцыі і веды пра грамадства, эканоміку, самакіраванне, палітыку і дзяржаву праз прызму еўрапейскага досведу і беларускіх выклікаў» — такімі бачаць сваіх навучэнцаў у Вольным беларускім універсітэце (ВБУ).
Што гэта за ўстанова і як беларусам набыць еўрапейскую адукацыю, у інтэрв’ю «Салідарнасці» расказаў заснавальнік і канцлер ВБУ Аляксандр Мілінкевіч.
— Як паўстала ідэя стварэння Вольнага універсітэта і што ўвогуле ён з сябе ўяўляе?
— Я не раз казаў, што сёння галоўная задача беларусаў — рыхтавацца да будучыні, каб выйграць яе канчаткова і беспаваротна.
Ідэя стварэння Вольнага ўніверсітэта анлайн-адукацыі паўстала яшчэ ў траўні 2015 года. Ля яе вытокаў стаялі таксама нобелеўскія лаўрэаты Святлана Алексіевіч і Алесь Бяляцкі, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Станіслаў Шушкевіч і яшчэ больш за 50 вядомых беларускіх навукоўцаў, дзеячаў культуры і мастацтва, палітыкаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў.
Пачалося з таго, што мы абмяркоўвалі, як шмат у нас адукаваных людзей, перспектыўнай моладзі, прафесіяналаў у сферы палітыкі, менеджменту, эканомікі, сельскай гаспадарцы — усюды. Але пытанне: ці здолеем мы зрабіць паспяховыя рэформы ў той момант, калі на іх прыйдзе час?
Падумалася, што варта было б гэтых людзей, якія маюць добрую адукацыю, жаданне вучыцца, актыўную жыццёвую пазіцыю, імпэт да грамадскай і палітычнай актыўнасці, падрыхтаваць, каб у будучым яны маглі правесці ў нашай краіне ўдалую трансфармацыю. Зрабіць хутка, эфектыўна, абапіраючыся на станоўчы сусветны досвед.
Так нарадзілася ідэя зрабіць праграмы еўрапейскай паслядыпломнай анлайн-адукацыі для беларусаў, якая была б даступная паўсюдна, дзе б яны сёння ні былі.
— Іншымі словамі, Вольны ўніверсітэт — гэта не ўніверсітэт у чыстым выглядзе, а ўстанова для павышэння кваліфікацыі?
— У класічных еўрапейскіх універсітэтах ёсць звычайна адукацыя трох узроўняў: бакалаўрыяцкая, магістарская і доктарская. Падыпломнае навучанне прызначана для кандыдатаў, якія маюць за сабой як мінімум першы узровень універсітэта, значыцца маюць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Прапанаваныя намі курсы навучання скіраваныя на фармаванне кваліфікаваных кадраў для будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы з улікам досведу рэформ перш за ўсё ў нашых суседзяў — краінах новых сябраў Еўрасаюза.
Мы будуем сістэму з выкарыстаннем патэнцыялу вядучых універсітэтаў Польшчы, Эстоніі, Літвы, Швецыі, Францыі і ЗША, дзе існуюць падобныя анлайн-курсы. І нашы выпускнікі атрымліваюць сертыфікаты і дыпломы партнёрскіх універсітэтаў, у большасці выпадкаў і з крэдытамі. Гэта таксама паказчык якасці і важны аспект для далейшай самарэалізацыі, калі чалавек захоча знайсці добрую працу або мець большыя шанцы на паспяховую кар’еру.
На гэты момант мы фармальна зарэгістраваныя ў Варшаве як фундацыя, фонд і выконваем функцыю аператара еўрапейскай вышэйшай адукацыі для беларусаў. Шукаем у вядомых універсітэтах, хто мае штосьці цікавае з улікам нашых стратэгічных мэт, і спрабуем перанесці і дастасаваць змест курсаў да беларускіх рэалій і патрэб. Бывае, што выкарыстоўваем пры іх рэалізацыі і беларускіх выкладчыкаў, якія ведаюць сітуацыю ў краіне.
І, канешне, наша доўгатэрміновая задача — ператварыцца з часам у беларускім еўрапейскі лічбавы універсітэт.
— Гэтая адукацыя менавіта для беларусаў?
— Так. Гэта, як і Стыпендыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага ад польскага ўрада, беларускі праект. І для нас ганарова, што курсы маюць добрае імя і на іх з поспехам адбываецца канкурэнтная рэкрутацыя.
Мы за тры гады актыўнай працы падрыхтавалі ўжо больш за тысячу выпускнікоў. У нас вучацца нават дактары навук і прафесары, бо ім цікава. Тым больш, заняткі вядуць сапраўды выдатныя людзі.
Цяпер, калі нас запісалі ў «экстрэмісты», стала цяжэй працаваць з беларусамі ўнутры краіны, бо людзі могуць быць рэпрэсаваныя за сваё жаданне атрымаць сучасныя веды. Таму мы стала прыкладаем вялікія намаганні, каб зрабіць усё магчымае для стварэння сістэмы максімальнай бяспекі.
— А хто выкладчыкі?
— Прафесары і выкладчыкі партнёрскіх еўрапейскіх, амерыканскіх універсітэтаў, а таксама беларускія выкладчыкі, пазбаўленыя магчымасці працаваць у Беларусі.
Усяго на сёння пяцьдзесят чатыры настаўнікі, і з кожным годам іх будзе ўсё больш, бо курсы аўтарскія. Яны жывуць у сямі краінах, нават адна выкладчыца вядзе заняткі з Паўднёвай Амерыкі. Мы таксама маем 17 экспертаў у розных галінах навукі і культуры.
— А па якіх кірунках вядзецца навучанне?
— Мы пачалі з вельмі важнага для нас курса — «Global Mini MBA» — «Кіраванне малым бізнесам». Гэты курс арганізаваны ў супрацоўніцтве з факультэтам менеджменту Лодзінскага ўніверсітэта, ён у свой час быў створаны у супрацы з найлепшымі амерыканскімі ўніверсітэтамі ў галіне бізнес-адукацыі і мае паспяховую дваццацігадовую гісторыю гібрыднага і анлайн-навучання.
Напачатку, да 2020 года, мы рэалізавалі два такія курсы выключна для малога і сярэдняга бізнесу ўнутры Беларусі. Зараз праводзім заняткі і трэнінгі для беларускіх бізнесмэнаў, рэлакаваных у розных краінах, і на радзіме таксама. Да сённяшняга дня ў нас набор на гэты курс вельмі актыўны — мінімум па два чалавекі на месца, — бо ён дае комплексныя веды ў галінах кіравання, фінансаў, маркетынгу і лічбавай трансфармацыі.
Таксама ў нас ёсць паспяховы курс «Mini MPA» — «Уводзіны ў менеджмент дзяржаўных устаноў». Ён для тых, хто працуе або плануе працаваць на кіруючых пасадах. Чытае гэта інтэрактыўны курс прафесарка з Атлантычнага ўніверсітэта ў Фларыдзе Паліна Прысмакова. Яна сама беларуска, выпускніца праграмы Каліноўскага.
У нас ёсць папулярныя курсы па самакіраванні, курс — «Эканоміка перамен», — створаны аўтарамі праграм рэформ, патрэбных Беларусі, ёсць курсы па сацыялогіі, паліталогіі, еўрапейскай інтеграцыі, ёсць папулярная «Школа лідараў». Мы плануем распачаць заняткі ў «Школе грамадзянскай адукацыі» і «Школе лічбавай адукацыі» разам з нашым даўнімі кансультантамі і партнёрамі з Талінскага ўніверсітэта і Талінскага тэхнічнага ўніверсітэта.
А яшчэ для нас вельмі важна мацаваць беларускую ідэнтычнасць. Таму мы ўвялі курс «Беларуская самасвядомасць XIX-XX стагоддзяў» і курс «Беларуская гісторыя ў кантэксце еўрапейскай гісторыі» — выдатныя фундаментальныя курсы, да якіх таксама ёсць вялікая цікавасць.
Галоўнымі нашымі партнёрамі ў Польшчы апошнімі гадамі былі «Цэнтр усходніх даследаванняў» Варшаўскага ўніверсітэта, Фонд міжнароднай салідарнасці і Уроцлаўскі ўніверсітэт.
Працы многа, але мы маем суперкаманду і вялікае жаданне рабіць сваю справу.
— А што з аплатай? Колькі каштуе навучанне і ці ёсць стыпендыі?
— Адукацыя бясплатная дзякуючы нашым донарам. На сённяшні дзень нас фінансуюць польскі ўрад, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі РП і Еўракамісія.
Мы фармальна выдзяляем студэнтам стыпендыю. Чаму фармальна? Таму што гэтую стыпендыю аддаюць на бясплатнасць навукі, каб заплаціць выкладчыку за працу. Але ўсё ж гэта стыпендыя і, каб яе атрымаць, трэба перамагчы ў конкурсе на рэкрутацыі. Напрыклад, на курс запісаліся пяцьдзясят чалавек, а мы можам узяць толькі дваццаць пяць — столькі ў выніку і будзе выбрана на конкурснай аснове.
Фармальна гэтыя людзі становяцца стыпендыятамі Еўрасаюза. І, дарэчы, Еўрасаюз проста так не дае свае сродкі. А гэта значыць, што мы заслужылі давер.
— А для ўдзелу ў конкурсе дастаткова проста аформіць заяўку?
— Так, гэта можна зрабіць на нашым сайце.
— Але ж ёсць пэўныя ўмовы, крытэры? Наўрад ці да вас можа прыйсці выпускнік пасля школы.
— Амаль заўсёды гэта слухачы з вышэйшай адукацыяй. Хаця вось у Лодзі, якая з намі рэалізуе «Global Mini MBA», гэты курс выкладаецца і для тых, хто мае сярэднюю адукацыю, але, напрыклад, ужо вядзе бізнес. Бываюць жа людзі без вышэйшай адукацыі, але паспяховыя ў бізнесе. Таму і мы робім тут выключэнне.
— А на якой мове навучанне?
— У нас палова курсаў па-беларуску, для нас гэта прынцыпова, ёсць таксама англійская, ёсць польская і французская з перакладам на беларускую, ёсць па-руску.
Па-беларуску ў нас чытаюцца курсы не толькі па гісторыі і культуры Беларусі, але і па эканоміцы, сацыялогіі, еўраінтэграцыі і іншых дысцыплінах.
Увогуле скажу, што мова — гэта вельмі важнае пытанне. Часта, калі размова заходзіць пра беларусізацыю ў будучыні, нам кажуць: ну як яе пачынаць рабіць, калі на той момант напэўна будзе крызіс, калі эканоміка неэфектыўная, зарплаты невысокія і людзі найперш будуць думаюць, як выжываць.
А я ведаю адно: нам важна, каб у момант перамен лідары думак, уладная эліта добра разумелі, што мова — гэта вельмі важна, што адраджэнне важна, праўдзівая гісторыя важна.
Мы не маем права гаварыць «спачатку гаманец, а потым культура». Вяртанне нацыянальнай самасвядомасці адначасова з трансфармацыяй — гэта фундамент нашай незалежнасці і суверэнітэту.
І нам не трэба, каб раптам у адзін момант усе загаварылі па-беларуску, гэта проста немагчыма і не патрэбна. Мяккая і тактоўная беларусізацыя будзе мець поспех, калі большасць беларусаў будзе разумець, што і нашы браты=ўкраінцы страцілі б ужо сваю краіну, калі б у апошнія дзесяцігоддзі яны не вярнулі сабе ўкраінскую ідэнтычнасць, нягледзячы на тое, яны размаўляюць на розных мовах.
— Усе вашы курсы адбываюцца анлайн?
— Так, але мы спрабуем рабіць і перспектыўныя гібрыдныя курсы. Напрыклад, прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі ў Варшаве збіраў сваіх студэнтаў у аўдыторыю, там быў таксама вялікі экран, на якім можна было бачыць астатніх удзельнікаў і нават вядучага сустрэчы, якія працавалі анлайн. Атрымлівалася вельмі жывая дыскусія. І гэта цікавы досвед, які думаем выкарыстоўваць.
У цэлым жа заняткі адбываюцца анлайн на платформе «LMS Moodle ВБУ» або на платформах партнёрскіх універсітэтаў. Але з часам думаем усё шырэй выкарыстоўваць змешаны фармат навучання (blended learning) плюс афлайн-сесіі і стажыроўкі ў ЕС.
— А як наконт бяспекі? Могуць, напрыклад, людзі з Беларусі вучыцца на курсе ананімна?
— Бяспека ў часы гібрыдных войнаў— гэта задача нумар адзін. Усё, што можна, тэхнічна робім. Падчас заняткаў дазволена не пісаць сваё сапраўднае імя, але для больш эфектыўнай камунікацыі пажадана ўключэнне камеры. Хаця пры выразнай просьбе студэнта пра ананімнасць мы ідзем насустрач.
У нас напрыканцы мінулага года быў такі выпадак, што падчас аднаго з заняткаў да нас далучыўся праз відэа супрацоўнік КДБ Канстанцін Бычак— магчыма, хтосьці са студэнтаў ці знарок, ці выпадкова далучыў яго да занятку. Ён папярэдзіў слухачоў курсу пра тое, што «ўсё пад кантролем». Дарэчы, палкоўнік адразу пасля гэтага выпадку пайшоў на павышэнне, стаў начальнікам следчага камітэта КДБ Беларусі.
— Ну вось, бачыце, як мінімум аднаму чалавеку ў Беларусі дапамаглі з кар’ерай.
— Я і сам потым напаўжартам пісаў у ФБ, што мы зацікаўленыя, каб кдбісты таксама былі на нашых занятках, бо бяспека краіны залежыць у тым ліку ад правядзення своечасовых рэформ. Добра, каб прыходзілі, вучыліся, як і што рабіць.
Канешне, пасля ўключэння нас у «экстрэмісцкі спіс», мы стараемся быць яшчэ больш уважлівымі, каб не нашкодзіць нашым студэнтам. Але трэба разумець, што мы займаемся адукацыяй, мы ж не дыверсантаў і тэрарыстаў рыхтуем.
— Вы казалі, што на мэце — стварэнне паўнавартаснага лічбавага ўніверсітэта.
— Вельмі хацелася б, каб хапіла сіл і магчымасцей давесці наш ВБУ да гэтага ўзроўню. Выдатныя паспяховыя лічбавыя ўніверсітэты ёсць і ў Францыі, і ў Вялікабрытаніі, і ў іншых краінах. Канешне, яны не заменяць класічныя. Але даць магчымасць вучыцца праз усё жыццё анлайн — гэта надзвычай важна. Бо ў большасці сфер веды вельмі хутка змяняюцца, патрэбныя новыя кампетэнцыі, навыкі, уменні, таму калі ты не вучышся — лічы, прапаў.
У мяне аж вочы гараць, калі я пра гэта расказваю. Я ўсё ж перш за ўсё настаўнік, я большасць жыцця прысвяціў працы ва ўніверсітэтах, таму гэта маё. І вельмі люблю студэнтаў і атрымліваю вялікую асалоду ад таго, што цяпер раблю. І вельмі хочацца, каб наша справа мела поспех.