Гарадзенскія валанцёры дапамагаюць знайсці згубленых людзей

Гарадзенцам, якія пайшлі з хаты і згубіліся, дапаможа валанцёрская дружына пад назвай “ЦэнтрСпас”.  



thumbs_spas5.jpg

За паўгады існавання добраахвотнікі дапамагалі шукаць людзей у горадзе і ў лесе, але колькасць людзей для пошуку вельмі абмежаваная.
Валанцёрам можа стаць чалавек любога ўзросту і прафесіі. Добраахвотнікі-пошукавікі, а гэта некалькі дзясяткаў чалавек, знаходзілі людзей па розных кропках Гарадезншчыны: ў Лідзе, Азёрах ды іншых населеных пунктах. Як стаць валанцёрам, які дапамагае ў пошуку людзей, распавядае камандзір пошукавай групы Яраслаў Струцінскі:
— Валанцёрам можа стаць любы чалавек, незалежна ад яго навыкаў, падрыхтоўкі, спецыялізацыі. У нас для кожнага ёсць праца, бо працы шмат. Гэта можа быць інфармаванне, вялікая частка нашай працы — гэта інфармаванне, гэта распаўсюд інфармацыі пра факт знікнення чалавека. Гэта сацыяльныя сеткі, гэта парталы навінаў, гэта падрыхтоўка матэрыялаў у сродкі масавай інфармацыі. Працы вельмі шмат. Праца можа быць па горадзе — расклейванне арыенцірвак. Гэта можа быць апытанне грамадзянаў, пошукі сведкаў. Гэта можа быць лясны пошук. Гэта можа быць пошук на ровары. 
Гарадзенскі “ЦэнтрСпас” актыўна супрацоўнічае з міліцыяй і МНС. Тыдзень таму прадстаўнікі “ЦэнтрСпаса” і “ВелаГродна” абвесцілі пра стварэнне ініцыятывы “ВелаПатруль”, якая таксама дапаможа шукаць зніклых людзей па Гародні і Гарадзенскай вобласці.
Паводле Радыё Рацыя