«Гавары праўду» плануе правесці «сход дармаедаў»

На пачатку лютага кампанія «Гавары праўду» плануе правесці ў Мінску «сход дармаедаў» — грамадскія слуханні, куды будуць запрошаны тыя, каго ўлада прызнала «дармаедамі».

Таццяна Караткевіч

Таццяна Караткевіч

Пра гэта Свабодзе расказала адна з лідараў «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.
«З самага пачатку кампанія "Гавары праўду“ была супраць гэтага дэкрэту. Цяпер мы выступаем з ініцыятывай на пачатку лютага правесці сход так званых дармаедаў, каб знайсці адказ на пытанне: што яшчэ нам трэба зрабіць, каб улада зразумела, што гэты дэкрэт варта адмяніць? Сход будзе ў фармаце слуханняў. На яго будзем запрашаць людзей, якія атрымалі так званыя "лісты шчасця“ і гатовыя сёння выступаць публічна, пісаць скаргі і адстойваць свае правы. Таксама мы будзем запрашаць тых, хто сёння дапамагае такім "дармаедам“. Запросім мы і дэпутатаў таксама. Відавочна, што сёння дзяржава ня чуе грамадзян, якія гавораць пра несправядлівасць гэтага закону», — кажа яна.
Змены, якія ўчора ўнёс у дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» Аляксандар Лукашэнка, Караткевіч лічыць недастатковымі — яна настойвае на поўнай адмене «падатку на дармаедаў». «Дэкрэт № 3 — антыканстытуцыйны, ён проста абражае людзей, і яго трэба адмяніць. З гэтай несправядлівасцю мірыцца ня варта», — падкрэсліла яна.