«Гэта будуць арганізаваныя пратэсты». Прадстаўнік BYPOL — пра план «Перамога» і адказных за спробу суіцыду Латыпава

З прадстаўнікамі BYPOL  Свабода пагутарыла пра план «Перамога».

1223.png

Былы начальнік аддзелу 3-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), а цяпер прадстаўнік ініцыятывы BYPOL Аляксандар Азараў расказвае пра абвешчаны ініцыятывай план «Перамога», каментуе спробу суіцыду Сцяпана Латыпава ў судзе.
Чаму план «Перамога» падобны да плану Генштабу на выпадак паўстання ці захопу тэрыторыі
— План «Перамога» разьлічаны на ўсіх грамадзян Беларусі, на патрыётаў, якія знаходзяцца ў самой Рэспубліцы Беларусь і могуць выканаць пэўныя заданні ў пэўны час. Гэты план складзены нашымі спецыялістамі, якія маюць адукацыю ў дадзенай сфэры, якія служылі ва Ўзброеных сілах. Ён адпавядае такім жа планам, якія ляжаць у Генеральным штабе ў сэйфе пад грыфам «Сакрэтна» і «Цалкам сакрэтна». У Беларусі такія планы распрацаваныя на выпадак захопу тэрыторыі замежным ворагам альбо на выпадак паўстання. Асноўны план у Генштабе прадугледжвае, што асноўная пагроза для дзяржавы — паўстанне ўнутры краіны. Для Лукашэнкі пагроза — паўстанне свайго ж народу, а не інтэрвэнцыя іншых дзяржаваў. Таму мы распрацавалі аналагічны план і не бачым іншага выйсця. Наш план напісаны вайсковай мовай, і таму ў цывільных узнікаюць пытанні. Мы пісалі той жа мовай, якой напісаныя пляны, што ляжаць у Мінабароны, каб яны бачылі, што ў нас працуюць такія ж спецыялісты і што мы ведаем, што ў іх адбываецца. У нас інфармацыі вельмі шмат.

Пра «спячае падполле»

— Мы абвясцілі мабілізацыю ўсіх дэмакратычных сілаў, усіх патрыятычна настроеных грамадзян. Мы не плануем нейкіх дзеянняў да ажыццяўлення пэўнай падзеі ў Беларусі. Гэта як бы «спячае падпольле». І калі адбудзецца падзея, нешта падобнае, як было ў жніўні, і людзі самі выйдуць на вуліцы без усялякіх заклікаў, каб не адбыўся хаос, мы ўжо гэты рух возьмем пад кантроль. Гэта будуць арганізаваныя пратэсты. Раней яны былі неарганізаваныя, а стануць арганізаванымі. І нават агентам гэта не дапаможа. Бо гэта будзе пэўны дзень, калі пратэсты будуць паўсюль. Яны ня змогуць разарвацца, іх дзеяньні будуць марнымі.

Чаму гэта не паўстанне на барыкадах

— Мы прымаем жанчын і мужчын, тых, хто служыў, цывільных асобаў, дзейных супрацоўнікаў. Дзеці, канечне, нам не патрэбныя. Нам патрэбныя ўсе. Некаторыя думаюць, што мы плянуем паўстанне, барыкады, зброю, вілы і наперад... Не, гэта зусім іншы плян. Кожны чалавек апіша свае магчымасці, і мы кожнаму вызначым сваю ролю. Чым больш людзей далучыцца, тым хутчэй мы пераможам і тым меней стратаў будзе. Мы плануем, каб гэты план быў бяспечны для людзей. У нас ёсць несакрэтная частка плану, мы яе будзем публікаваць, але сам план, дзеянні людзей — гэта будзе цалкам сакрэтная інфармацыя, і доступ да яе будзе абмежаваны пэўным колам асобаў, каб не было ўцечкі.

Калі наступіць пэўны момант

— Гістарычных аналагаў такому плану я не бачу. Падчас Другой сусветнай вайны падполле арганізоўвалася па ўказанні партыі, закідалі дыверсантаў, якія стваралі партызанскія атрады. Мы нікога нікуды не закідаем... Людзей у нас поўна. Тых, хто хоча пераменаў, хапае. Большасць галасавала супраць Лукашэнкі. І людзі, нават калі не выходзяць на вуліцы, думку сваю не змянілі. І з тых, хто галасаваў за Лукашэнку, цяпер многія разумеюць, што перамены неабходныя. Мы не збіраемся накіроўваць людзей на небяспечныя акцыі. Будзе створаная «спячая» структура, якая будзе чакаць пэўнага моманту. І мы яе прывядзем у дзеянне толькі тады, калі на 100%, нават на 1000% будзем перакананыя, што перамагаем. Даём каманды, калі надыдзе гэты час. Мы чакаем пэўнага моманту.

Пра справу Сцяпана Латыпава

— Я кантактую з многімі дзейнымі супрацоўнікамі, са звольненымі супрацоўнікамі, з пенсіянерамі ГУБАЗіК, і ўсім цяпер сорамна за гэтую арганізацыю. У асноўным 3-е ўпраўленне па барацьбе з экстрэмізмам займаецца палітычнымі пытаннямі. Наколькі я ведаю, супрацоўнікі іншых упраўленняў кажуць, што трэба 3-е ўпраўленне перасяліць на базу АМАПу, каб яны былі ў адным памяшканні, бо пераўтварыліся ў АМАП. У нас ёсць інфармацыя, хто займаўся справай Латыпава, хто яго «распрацоўваў» і дзякуючы каму Латыпава цяпер прыцягваюць да адказнасці. А таксама ёсць інфармацыя, хто распрацоўваў і рэалізуе катаванні ў СІЗА № 1. У нас ёсць спісы агентуры ў турме, якія мы выкладзем на сваім канале, каб людзі ведалі, хто ўжывае супраць іх катаванні і здзекі.

Як даўно выкарыстоўваюць «прэс-хаты» і шантаж

— Так было заўсёды, але гэта тычылася злачынцаў. Але цяпер для 3-га ўпраўлення злачынцы — гэта грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. І ўся моц гэтай машыны накіраваная на звычайных грамадзян, якія проста хочуць дамагчыся праўды і аднаўлення законнасьці і парадку. Я лічу, што такія метады, як «прэс-хата», шантаж праз сям’ю, у дачыненні і да злачынцаў — парушэнне правоў чалавека.