Як беларус «Беларусбанк» беларусізаваў
Мінчанін Зміцер Курза ініцыяваў кампанію па беларусізацыі інфакіёскаў «Беларусбанка». За месяц электронную петыцыю ў падтрымку ягонай прапановы падпісалі 1650 чалавек.
Сярод іх ёсць і вядомыя беларусы: мастак Алесь Пушкін, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, рэжысёр Валеры Мазынскі.
Усе подпісы людзей, якія падтрымалі кампанію, Зміцер Курза збіраецца раздрукаваць і паказаць дырэктару “Беларусбанка”.
— Я ўжо запісаўся да яго на прыём на сайце. Пра час сустрэчы мне павінны паведаміць, — сказаў Зміцер Курза ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці».
Зміцер працуе спецыялістам па абслугоўванні адміністрацыйных будынкаў у камунальнай установе. Як кліента “Беларусбанка” яго не задавальняе тое, што ў інфакіёсках няма беларускай мовы.
— З гэтай нагоды ў снежні я напісаў ліст у “Беларусбанк”. Мне прыйшоў адказ: “Іы ваша пытанне разгледзім”.
Праз месяц Зміцер зноў звярнуўся да адміністрацыі банка з пытаннем, якое рашэнне прынятае.
— Мне патлумачылі, што ўсталяваць беларускую мову ў інтэрфэйсе інфакіёскаў немагчыма, таму што патрэбная згода атрымальнікаў плацяжоў, то бок камунальных устаноў, мабліьных аператараў і г.д., — успамінае Зміцер. — Я кансультаваўся з дасведчанымі ў гэтай справе людзьмі, якія сказалі, што гэта лухта, і ніякай згоды не патрэбна. Мой сябра працуе ў “Белінвестбанку” і займаецца абслугоўваннем інфакіёскаў і банкаматаў. У гэтым банку беларуская мова ёсць у раскладцы.
Далучыцца да кампаніі за беларусізацыю інфакіёскаў “Беларусбанка” можна тут.
Вольга Слуцкая, http://gazetaby.com