Тамару Сяргей хацелі затрымаць за намер наведаць сабор на Раство

Гэтая гісторыя адбылася ў цэнтры сталіцы 7 студзеня, на Раство Хрыстовае, з юрысткай Тамарай Сяргей. 



tamara_sjargej_34.jpg

Як распавяла яна ў інтэрв'ю карэспандэнту НЧ, дзесьці каля 12.00 на падыходзе да Свята-Духава кафедральнага сабору жанчына ўбачыла, што прыступкі ля брукаваных ходнікаў, што вядуць да праваслаўнай  святыні з боку вуліцы Няміга, паперакрываныя металічнымі бар’ерамі, каля якіх знаходзяцца міліцыянты ў форме і невядомыя ў цывільным.

“Я вырашыла, што яны будуць праводзіць звычайны надгляд вернікаў. Калі ж падышла да бар’ераў, дык даведалася ад аховы, што да 13.00 допуск ў сабор адбываецца толькі па запрашэннях. Паколькі да названага часу заставалася амаль цэлая гадзіна, я адмовілася ад свайго першапачатковага намеру і пайшла на станцыю метро “Няміга”. Аднак перад турнікетам метро мяне дагналі два невядомых у цывільным. Яны патрабавалі прайсці з імі. На маё пытанне “У чым справа?” мне заявілі, што я жадала прайсці на закрытае мерапрыемства. Я была вельмі здзіўленая і патлумачыла, што збіралася прайсці ў сабор, а не на закрытае мерапрыемства. І задала пытанне “Якое закрытае мерапрыемства можа адбывацца ў храме на Раство Хрыстовае?”. Неўзабаве падышоў трэці незнаёмы ў цывільным, які прадставіўся капітанам міліцыі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінскага гарвыканкама Русланам Мысліўцом і запатрабаваў у мяне дакументы. Аднак  пасля знаёмства з імі капітан міліцыі папрасіў у мяне прабачэння”, — зазначыла юрыстка.

На яе меркаванне, такімі неадэкватнымі дзеяннямі праваахоўныя органы толькі ствараюць напружанасць у грамадстве, замест таго, каб выконваць свае прамыя абавязкі па прадухіленню правапарушэнняў і злачынстваў.        

Вярнуўшыся дахаты, Тамара Сяргей дазналася з інтэрнэту, што 7 студзеня галоўны храм Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы наведаў і прыняў удзел у калядным богаслужэнні кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам Мікалаем у суправаджэнні патрыяршага экзарха ўсей Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.